Іўліянія Шах узнагароджана дыпломам першай ступені за перамогу ў міжраённым турніры па шашках. Спаборніцтвы праходзілі ў Лідзе. Іх ладзілі Лідская раённая арганізацыя грамадсага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» і аддзел адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама.
У міжраённым шашачным турніры спаборнічалі ўдзельнікі раённых арганізацый ГА «БелТІЗ» і наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага і Дзятлаўскага раёнаў. Дзятлаўшчыну на спаборніцтвах прадстаўлялі наведвальнікі аддзялення «Праменьчык» Таццяна Валчкевіч, Іўліянія Шах, Ульяна Лукашэня і старшыня раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» Святлана Крэйдзіч.
Баталіі на шашачных дошках разгарэліся не жартоўныя. Пазней галоўны суддзя турніру Мар’ян Шот зазначыў: «Я думаў, што турнір пройдзе на ўзроўні дылетантаў, аднак быў прыемна здзіўлены падрыхтоўкай шашыстаў. Цяпер я ўпэўнены, што на самой справе людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць быць сур’ёзнымі канкурэнтамі за шахматнай дошкай здаровым людзям».
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА