Бяспека пры перавозцы небяспечных грузаў

Падзеі

З надыходам спрыяльнага надвор’я ў раёне актывізаваліся сельскагаспадарчыя, а таксама будаўнічыя і рамонтныя работы. Іх выкананне звязана з выкарыстаннем значнай колькасці аўтамабільнай, сельскагаспадарчай, будаўнічай, дарожна-будаўнічай тэхнікі прадпрыемстваў і, такім чынам, з павелічэннем расходу гаруча-змазачных матэрыялаў. Таму ўзрасла і інтэнсіўнасць перавозак спецыялізаваным транспартам (аўтацыстэрнамі) прадпрыемстваў небяспечнага грузу — дызельнага паліва і аўтамабільнага бензіну.

У горадзе Дзятлаве і раёне 14 прадпрыемстваў маюць 25 зарэгістраваных у Дзяржпрамнаглядзе транспартных сродкаў, прызначаных для іх перавозкі.

Для забеспячэння бяспекі перавозкі небяспечных грузаў на гэтых прадпрыемствах павінен выконвацца шэраг арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца:

назначэнне загадам кіраўніка прадпрыемства (наймальніка) спецыяліста, адказнага за перавозку небяспечных грузаў, у тым ліку за выкананне пагрузачна-разгрузачных работ з небяспечнымі грузамі, які прайшоў ва ўстаноўленым парадку падрыхтоўку і мае пасведчанне аб падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне бяспекі перавозкі небяспечных грузаў;

выкананне гэтым спецыялістам у поўным аб’ёме адпаведных функцый і абавязкаў;

дазвол да перавозкі небяспечных грузаў, выканання пагрузачна-разгрузачных работ з небяспечнымі грузамі, часовага захоўвання і падрыхтоўкі небяспечных грузаў і транспартных сродкаў да перавозкі, ліквідацыі аварый або інцыдэнтаў з небяспечнымі грузамі работнікаў, якія прайшлі ў адпаведнасці з патрабаваннямі навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы, а таксама абавязковы медыцынскі агляд вадзіцеляў.

допуск да перавозкі небяспечных грузаў зарэгістраваных у падраздзяленні ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь і Дзяржпрамнаглядзе транспартных сродкаў пры наяўнасці дазволаў на іх допуск да ўдзелу ў дарожным руху, сведчанняў аб допуску транспартных сродкаў да перавозкі пэўных небяспечных грузаў;

своечасовае і поўнае правядзенне тэхнічнага абслугоўвання транспартных сродкаў, а таксама своечасовае правядзенне перыядычных, прамежкавых праверак (выпрабаванняў) цыстэрнаў, а пры неабходнасці — тэхнічнай дыягностыкі; перыядычнае правядзенне выпрабаванняў дыхальных прыладаў і прыладаў абароны ад статычнай электрычнасці цыстэрнаў;

камплектацыя транспартных сродкаў першаснымі сродкамі пажаратушэння, індывідуальнай абароны вадзіцеляў, аптэчкамі першай дапамогі, інструментам і іншымі неабходнымі прыстасаваннямі;

наяўнасць і вядзенне эксплуатацыйнай дакументацыі транспартных сродкаў, а таксама дакументацыі вадзіцеляў;

утрыманне ў спраўным стане месцаў пагрузкі, разгрузкі небяспечных грузаў, выкананне патрабаванняў бяспекі пры запраўцы тэхнікі, у тым ліку ў палявых умовах.

З 1 чэрвеня 2017 года ўступаюць у сілу правілы па забеспячэнні бяспекі перавозак небяспечных грузаў аўтамабільным транспартам у Рэспубліцы Беларусь, зацверджаныя пастановай МНС Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2010 года №61 (у рэдакцыi пастановы МНС Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2016 года  №79) (Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 17.02.2017 года, 8/31641). Таму прадпрыемствы раёна, якія ажыццяўляюць перавозку небяспечных грузаў, павінны своечасова прыняць адпаведныя меры па забеспячэнні вадзіцеляў дакументацыяй, укамплектаванасці і аснашчэнні транспартных сродкаў у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенага нарматыўнага прававога акта (у новай рэдакцыі).

В. РУДЗЯНОК,
вядучы дзяржаўны інспектар Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *