З Мінска ў Вільнюс 12 красавіка адправіўся першы эксперыментальны поезд, які едзе без кантролю на мяжы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо. «З Мінска сёння (12 красавіка) ў 8.05 адправіўся поезд Мінск — Вільнюс з 93 пасажырамі і чатырма членамі экіпажа. Гэты маршрут запушчаны для беларусаў і замежных грамадзян, якія хочуць хутка трапіць у Вільнюс. Поезд едзе без прыпынкаў і асабістага кантролю на мяжы. Правядзенне памежных і мытных працэдур будзе ажыццяўляцца на станцыі Мінск-Пасажырскі. Дзякуючы гэтаму эканомія часу складзе амаль гадзіну», — адзначыў Анатоль Лапо. Кіраўнік ведамства таксама паведаміў, што з-за ўзмацнення мер кантролю на межах Еўрапейскага саюза збою ў рабоце Дзяржпагранкамітэта не адбылося, чэргі напярэдадні свят і выхадных былі і раней. У ведамстве ўзмацнілі штат змен, правялі трэніроўкі. Усе пункты пропуску функцыянуюць у штатным рэжыме.
БелТА