Велікодная кампазіцыя ў парасоне

Падзеі

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава з 2015 года рэалізоўваецца прафарыентацыйны адукацыйны праект шостага школьнага дня «Хобі-цэнтр «Вектар». Ён скіраваны на развіццё ў падлеткаў і моладзі цікавасці да розных відаў працоўнай або прафесійнай дзейнасці праз асабістыя інтарэсы і захапленні. Удзельнікі праекта сустракаюцца з цікавымі людзьмі — прафесіяналамі сваёй справы, удзельнічаюць у творчых конкурсах, прэзентацыях.

Дарэчы, у сакавіку 2017 года вопыт работы хобі-цэнтра па прафесійнай арыентацыі падлеткаў і моладзі адзначаны дыпломам першай ступені абласнога этапу 17 рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі і прапанаваны да ўдзелу ў рэспубліканскай выставе ў красавіку 2017 года.

Нядаўна ў рамках праекта ў Цэнтры прайшоў фестываль-конкурс юных дызайнераў і мадэльераў «ЮнісСтайл-2017». Канкурсантам на выбар былі прапанаваны дзве намінацыі: стварыць аўтарскі касцюм з любой тканіны і матэрыялу на тэму «Вясновае натхненне» або зрабіць сувенір на тэму «Вялікдзень» у любой тэхніцы, з любых матэрыялаў.

Сапраўдным адкрыццём фестывалю-конкурсу стаў дзевяцігадовы дызайнер з Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы Дзмітрый Якшэвіч. За паўтары гадзіны, якія даваліся для выканання задання, хлопчык стварыў надзвычай арыгінальную велікодную кампазіцыю ў парасоне «Вясновы настрой» з традыцыйнымі фарбаванкамі і вешчунамі вясны — нарцысамі з крэпавай паперы. Яго работа была адзначана вышэйшым балам і граматай пераможца.

Дзмітрый Якшэвіч першы год наведвае аб’яднанне па інтарэсах «Сувенір», якое ад Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працуе ў Жукоўшчынскім садзе-школе. Кіраўнік аб’яднання Алена Міхайлаўна Місарэвіч расказвае, што ў яе навучэнца ўмелыя рукі:

— Дзіма ніколі не прапускае заняткаў. У мяне займаюцца малодшая і сярэдняя групы, дык ён заўсёды застаецца на два заняткі, паспявае зрабіць дзве работы. Усе вырабы атрымліваюцца ў Дзмітрыя якаснымі, акуратнымі, адразу і не скажаш, што над імі працаваў вучань чацвёртага класа. Таму, калі мы даведаліся пра фестываль-конкурс, я, не вагаючыся, прапанавала кандыдатуру Дзімы і не памылілася. Найбольш складанай для мяне асабіста была творчая задумка, ідэя будучай работы. Хацелася чагосьці арыгінальнага. Наконт яе ўвасаблення не хвалявалася, ведала, што Дзіма не падвядзе. У нас усё атрымалася.

Сам Дзмітрый Якшэвіч прызнаецца, што не хваляваўся ў час конкурсу, бо ад рукадзелля атрымлівае вялікае задавальненне. Хлопчык расказвае, што ўжо ўмее працаваць з салёным цестам, ніткамі, паперай, прыродным матэрыялам, вяжа кручком. Дома назапасілася невялікая калекцыя яго работ, любімая сярод якіх — аловачніца з прыроднага матэрыялу.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота прадастаўлена Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *