Ваша бяспека: работы ў ахоўнай зоне газаправода

Да ведама грамадзян

Пры правядзенні земляных работ, напрыклад, на сваім прысядзібным участку, людзі часта не задумваюцца, што пад зямлёй можа праходзіць газаправод і яго можна пашкодзіць. Каб такіх выпадкаў не здаралася, у Правілах прамысловай бяспекі ў галіне газазабеспячэння Рэспублікі Беларусь было ўведзена такое паняцце, як ахоўная зона газаправода, якая ўстанаўліваецца ў залежнасці ад ціску газу ў газаправодзе (ад 2 да 10 метраў).

У межах ахоўных зон без пісьмовага дазволу газазабяспечвальных арганізацый забараняецца:

праводзіць будаўнічыя і мантажныя работы, планіроўку грунту; праводзіць меліярацыйныя работы; рабіць стаянкі і прыпынкі транспартных сродкаў; выконваць геолага-здымачныя, пошукавыя, геадэзічныя і іншыя вышукальныя работы; узводзіць малыя архітэктурныя формы; рабіць звалкі; складваць матэрыялы і абсталяванне, у тым ліку для часовага захоўвання, уздоўж трасы падземнага газаправода ў межах 2 метраў па абодва бакі ад восі, а таксама саджаць дрэвы і кусты ў межах 1,5 метра па абодва бакі ад восі газаправода; будаваць будынкі, збудаванні; разводзіць агонь; праводзіць любыя мерапрыемствы з вялікай колькасцю людзей, не занятых выкананнем дазволеных ва ўстаноўленым парадку работ.

Перад пачаткам земляных работ у ахоўных зонах газаправодаў юрыдычныя і фізічныя асобы павінны звярнуцца ў газазабяспечвальную арганізацыю, каб атрымаць дазвол на права выканання такіх работ. Дазвол выдаецца на тэрмін, указаны ў запыце.

Ордар на раскопкі выдаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Падставай для атрымання ордара на раскопкі для выканання земляных работ у ахоўнай зоне з’яўляецца дазвол.

Згодна з патрабаваннямі, распрацоўка грунту паблізу дзеючых падземных камунікацый дапускаецца толькі пры дапамозе рыдлёвак, без прымянення ўдарных інструментаў. Прымяненне землярыйных машын дазваляецца па ўзгадненні з арганізацыяй-уладальнікам камунікацый.

Работы ў ахоўнай зоне праводзяцца толькі ў прысутнасці кіраўніка работ і прадстаўніка газазабяспечвальнай арганізацыі.

Т. КЛАЧКО,

дзяржаўны інспектар



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *