Ахоўная зона газаправода – участак зямлі, які знаходзіцца паміж двума паралельнымі лініямі, якія праходзяць па абодва бакі ад восі газаправода (паралельна). Па сваёй велічыні гэты ўчастак зямлі – ахоўная зона – для кожнай катэгорыі газаправодаў адрозніваецца і складае: 2 м – ад газаправодаў нізкага ціску; 4 м – ад газаправодаў сярэдняга ціску; 7 м – ад газаправодаў высокага ціску 2-й катэгорыі; 10 м – ад газаправодаў высокага ціску 1-й катэгорыі.
У межах ахоўных зон аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы выкананне рамонтных, будаўнічых і земляных работ дапускаецца толькі пры наяўнасці ордара на раскопкі і пісьмовага дазволу газазабяспечвальнай арганізацыі. У гэтым дакуменце ўказваюцца патрабаванні і ўмовы, абавязковыя пры выкананні работ, а таксама дадаецца схема праходжання газаправода з прывязкамі. Пры гэтым і юрыдычныя, і фізічныя асобы павінны прадаставіць у газазабяспечвальную арганізацыю для ўзгаднення праект плана выканання рамонтных, будаўнічых або земляных работ і атрымаць у заяўным парадку дазвол на іх правядзенне. Далей арганізацыям або фізічным асобам неабходна не пазней чым за суткі да правядзення работ выклікаць на месца прадстаўніка газазабяспечвальнай арганізацыі, каб выявіць дакладнае размяшчэнне газаправода. Да пачатку работ з выкарыстаннем ударных механізмаў і землярыйнай тэхнікі паблізу трасы газаправода месца яго размяшчэння правяраецца ўручную метадам шурфоўкі. Работы ў мерзлым грунце ў месцах перасячэння з газаправодамі выконваюцца толькі пасля яго адагрэву.
Няўзгодненае выкананне земляных работ у ахоўнай зоне газаправода можа мець дрэнныя наступствы. Не задумваючыся аб тым, што ў месцы раскопак могуць быць пракладзены небяспечныя інжынерныя камунікацыі, арганізацыі або звычайныя грамадзяне (часцей за ўсё на тэрыторыях ля домаўладаннях) вельмі моцна рызыкуюць і могуць сур’ёзна паплаціцца за свае неабдуманыя дзеянні не толькі маёмасцю, але здароўем і жыццём. Калі няведанне патрабаванняў правілаў фізічнымі асобамі яшчэ можна зразумець, то такія адносіны з боку арганізацый, якія выконваюць земляныя работы, можна назваць халатнасцю. Пры спешцы забываюцца элементарныя правілы бяспечнага выканання работ.
Вынікі аварыйных сітуацый пры несанкцыянаваным выкананні будаўнічых работ прыводзяць да рызыкі выхаду газу наверх, яго выбуху або ўзгарання, адключаюцца спажыўцы ад газазабеспячэння, часам надоўга. Віноўнік аварыі кампенсуе затраты на ліквідацыю аварыі і аднаўленне газазабеспячэння. Аднак ёсць і выпадкі, калі арганізацыя або фізічная асоба, якая пашкодзіла газаправод, уцякае з месца аварыі. Тады ў аварыйную газавую службу вымушаны звяртацца жыхары навакольных дамоў. Не сумнявайцеся, віноўнік аварыі будзе знойдзены.
Дзятлаўскі раён газазабеспячэння заклікае да строгага выканання заканадаўчых патрабаванняў пры правядзенні работ у ахоўных зонах газаправодаў. Па кансультацыі і атрыманне дазволу неабходна звяртацца на адрас: г. Дзятлава, вул. Навагрудская, 7, тэл. 6-04-83, 6-03-44.
ЗВЯРТАЕМ УВАГУ, ШТО
* парушэнне арт. 20.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (пашкоджанне газаправода (акрамя магістральных) або іх абсталявання пры выкананні работ) караецца штрафам у памеры ад 30 да 50 базавых велічыняў.
* парушэнне арт. 18.40 ч. 1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў аховы магістральных або іншых трубаправодаў) караецца штрафам у памеры ад 10 да 40 базавых велічыняў, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 50 базавых велічыняў, на юрыдычную асобу – да 200 базавых велічыняў.
Адміністрацыя ВУ “Слонімгаз” Дзятлаўскі РГЗ