Туберкулёз – хвароба старадаўняя

Падзеі

Сапраўды, старадаўняя, але актуальная і ў наш час. Летась у Дзятлаўскім раёне выяўлены 22 хворыя на туберкулёз (за аналагічны перыяд 2015 года – 14 хворых). Памерлі ад туберкулёзу ў 2016 годзе трое дзятлаўчан.

“Прамую тэлефонную лінію” да Дня барацьбы з туберкулёзам правёў доктар-тэрапеўт Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Гірык.

Пытанне: ці ўсе людзі, якія кантактавалі з хворым на туберкулёз з інфекцыйнай формай захворвання, абавязкова захварэюць?

Адказ: інфекцыя трапляе ў арганізм чалавека нават пры гутарцы з хворым, аднак гэта не заўсёды вядзе да развіцця захворвання. Звычайна ў здаровага чалавека выпрацоўваецца супрацьтуберкулёзны імунітэт. Разам з тым, 7-10% людзей, якія заразіліся, пачынаюць хварэць.

Пытанне: ці доўга трэба лячыцца ад туберкулёзу?

Адказ: устойлівая форма туберкулёзу лечыцца каля двух гадоў. Адначасова трэба прымаць ад пяці да сямі прэпаратаў. Перарыванне лячэння нават на адзін дзень азначае, што неабходна пачынаць лячэнне спачатку.

Пытанне: што такое ўстойлівая форма туберкулёзу?

Адказ: пацыенты, на жаль, не заўсёды выконваюць правілы лячэння ад гэтага каварнага захворвання і ў выніку набываюць яго формы, устойлівыя да лячэння.

Пытанне: чаму цяпер дзецям робяць Манту толькі пры нараджэнні?

Адказ: з 2016 года дзеці вакцынуюцца ад туберкулёзу толькі пры нараджэнні, а рэвакцынацыя ў 7-гадовым узросце адменена. Таксама адменена і пагалоўная туберкулінадыягностыка – рэакцыя Манту праводзіцца цяпер толькі ў групах рызыкі ў дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў. У дачыненні да тых, каму ад 8 да 17 гадоў, зноў жа, у групах рызыкі, выкарыстоўваецца іншы метад туберкулінадыягностыкі – дыяскін-тэст.

Падрыхтавала да друку І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *