Прафілактыка хваробаў сэрца

Падзеі

Па такой тэме правяла “Прамую тэлефонную лінію” загадчыца Дзятлаўскай раённай паліклінікі Алена Куцко. Алене Канстанцінаўне патэлефанавалі пяць чалавек. Усім спецыяліст дала дакладныя адказы і тлумачэнні.

Пытанне: ці з’яўляецца фактарам рызыкі інфаркту павышаны халестэрын у крыві?

Адказ: усяго існуюць дзевяць асноўных фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Да іх адносяцца курэнне, артэрыяльная гіпертэнзія, залішняя вага, стрэс, дэпрэсія, маларухомы лад жыцця, недахоп у харчаванні агародніны і садавіны, злоўжыванне алкаголем, а таксама парушэнне ліпіднага абмену, якое прыводзіць да лішку агульнага халестэрыну ў крыві. Практыка паказвае, што наяўнасць нават аднаго такога фактара можа прывесці да інфаркту.

Пытанне: ці небяспечная артэрыяльная гіпертэнзія?

Адказ: менавіта артэрыяльную гіпертэнзію спецыялісты ставяць на першае месца сярод фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Для таго, каб звесці да мінімуму гэту рызыку, трэба выконваць шэраг простых правілаў і ў першую чаргу сачыць за артэрыяльным ціскам, падтрымліваць яго ў норме.

Пытанне: як самому вызначыць, што пачалася гіпертанія?

Адказ: каб вызначыць, якія праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай чалавек мае, яму трэба абавязкова звярнуцца да спецыяліста. Між тым, адзначу, што варта звяртаць увагу і кантраляваць свой артэрыяльны ціск. Лічбы на танометры пра многае гавораць. Так, пагранічным узроўнем лічыцца ціск 140/90. І нават гэты паказчык, калі ён з’яўляецца пастаянным, павышае рызыку развіцця інсульту ў паўтара раза. Далей ступень рызыкі павялічваецца прапарцыянальна велічыні ціску. А выяўленая гіпертэнзія павялічвае гэтую верагоднасць у 7-8 разоў.

Пытанне: ад чаго ўзнікае артэрыяльная гіпертэнзія?

Адказ: істотна павялічвае рызыку ўзнікнення гіпертэнзіі спадчыннасць, асабліва калі гэтай хваробай пакутавалі двое і больш блізкіх сваякоў. Гэта ўжо важная прычына, каб уважліва сачыць за здароўем. Да захворвання могуць прывесці частае нервовае перанапружанне, доўгае і моцнае хваляванне, залішне напружаная інтэлектуальная дзейнасць без дастатковага адпачынку. Шэраг даследаванняў у Японіі, Кітаі паказаў, што больш за 5 грамаў солі ў дзень, спажытых разам з ежай, ужо можа стаць прычынай гіпертаніі, асабліва калі да яе ёсць схільнасць. Яшчэ адзін фактар рызыкі, аб якім усе ведаюць, але далёка не ўсе бяруць у разлік – гіпадынамія – мы мала рухаемся. У медыцыне нават з’явіўся тэрмін “сіндром сядзячай смерці”.

Пытанне: не магу адмовіцца ад мучнога і салодкага, а гэта — лішняя вага і павышаны ціск. Што рабіць?

Адказ: не трэба цалкам адмаўляцца ад прадуктаў, якія з’яўляюцца не вельмі карыснымі, але смачнымі для вас. Для прафілактыкі гіпертаніі патрэбен паўнацэнны рацыён. У штодзённым рацыёне павінны прысутнічаць збожжа і збожжавыя прадукты, агародніна і садавіна, малочныя прадукты, мяса, птушка, рыба. Абмяжоўваць, падкрэслю, а не выключаць наогул, трэба смажанае, вырабы з мукі вышэйшага гатунку і салодкія стравы. Дадаткова, калі дыягназ артэрыяльная гіпертэнзія ўжо ўстаноўлены, для падтрымання нармальнага ўзроўню ціску доктар падбірае медыцынскія прэпараты, якія трэба прымаць усё жыццё. Такім чынам можна выключыць узнікненне ўскладненняў сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Падрыхтавала да друку І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *