Што рабіць, застаўшыся з дзіцем сам-насам? Часта гэта становіцца праблемай нават для самых упэўненых у сабе мужчын. Бо ліха яго ведае, якія гульні можна прыдумаць для маленькага «камячка шчасця». Хоць калі разабрацца, то мы, мужчыны, у глыбіні душы самі застаёмся дзецьмі, толькі «цацкі» з цягам часу мяняюцца. І калі даць волю свайму ўнутранаму дзіцяці — усё наладзіцца. У гэтым упэўнены шматдзетны бацька Сяргей Куркач. Больш за тое: ён перакананы, што праз гульні мы, дарослыя, рыхтуем дзяцей да самастойнага жыцця. Свой погляд на гульні з малымі мае і яго калега Валянцін Бойка. «Чым тата можа заняць дзіця?» — гэтай тэме прысвечана чарговае пасяджэнне нашага «Бацькоўскага клуба».
В.Б.: Упершыню з неабходнасцю чымсьці заняць дзіця я сутыкнуўся, калі жонка выйшла з «дэкрэту». Калі сын хварэў, яна нячаста брала бальнічны, бо ў яе на рабоце быў бы завал. І я, маючы больш свабодны графік, часта сядзеў з малым. Пакарміць, умыць, пасадзіць на гаршчок — з гэтым праблемы не было. Але ж дзіцяці патрэбны і нейкі занятак, нейкія гульні. Самае відавочнае рашэнне — надаваць яму цацак, каб рукі былі занятыя. Ды цацкі мы ігнаравалі змалку. Затое нас вабілі каструлі, абутак, татавы інструменты і г. д. Тое, з чым гуляць не толькі непажадана, але і нават небяспечна. Таму дзіцячую ўвагу трэба было займаць чым-небудзь іншым.
С.К.: У маёй старэйшай дачкі ў гэтым узросце цацак увогуле было небагата. Бо час для нашай маладой сям’і быў нялёгкі. Дый такога выбару цацак, як цяпер, не было. Але для дзіцяці, на маю думку, ва ўзросце 3—4 гадоў больш важны фізічны кантакт. Бо праз тактыльныя адчуванні дзеці спазнаюць свет.
Мы з дачкой гулялі так: яна заплюшчвала вочы, а я вельмі лёгка дакранаўся да яе рукі, нагі, носіка і г.д. А яна мусіла сказаць, да якой часткі цела я дакрануўся. Гэта развівала не толькі тактыльныя адчуванні, але і слоўнікавы запас.
В.Б.: Майму сыну ўжо амаль 7 гадоў, але кантактныя гульні ў нас дагэтуль актуальныя. Прычым ад мяне асаблівых намаганняў не патрабуецца. Калі стомлены тата падае на канапу, на яго навальваюць падушкі і з радаснымі воклічамі скачуць зверху. Весялей, чым на батуце. Або мы пачынаем тузаць адзін аднаго, жартам біцца, качацца па падлозе. Здавалася б, элементарная рэч, а дзіця ў захапленні. Бо яго энергія патрабуе выхаду. Бывае, што сын просіць, каб я пакатаў яго на плячах. Вялікіх разумовых намаганняў ад таты гэта не патрабуе, а дзіцяці радасць.
У гасцях у казкі
С.К.: Гэта ўсё выдатна, але ў сем гадоў пара ўжо пераходзіць на новы ўзровень. Я параіў бы што-небудзь развівальнае. Самае даступнае — пачытаць дзіцяці казку. Выразна, на розныя галасы. Менавіта ў бацькі найлепей выйдзе імітаваць голас ваўка, які прыйшоў з’есці казлянятаў. Дый танюткім галаском, калі пастарацца, можна пагаварыць. Трохі смешна выходзіць, але дзіцяці даспадобы!
В.Б.: Я свайму таксама чытаю кніжкі. Але значнасць тактыльных гульняў нельга недаацэньваць. Бо калі мы перастаём абдымаць дзіця, гладзіць яго па галаве, калі лічым, што яно ўжо занадта дарослае для пяшчоты, то робім вялікую памылку. Калі дзіця хоча прытуліцца да таты або мамы — падчас гульні ці проста так — не трэба яму перашкаджаць. І не важна, колькі яму гадоў: тры або трынаццаць.
Зрабі сам і навучы сына
С.К.: Калі дзіця падрастае, яму патрэбныя і прадметныя гульні: кубікі, машынкі, мячыкі, канструктары. Добра, калі ў гульні ёсць элемент «зрабі сам». Напрыклад, мой сын любіў гуляць з цацачным аўтобусам. Але ж аўтобусу быў патрэбны гараж, які мы разам змайстравалі з кардону. І тут важна, каб дзіця само прымала ў гэтым удзел: выразала, клеіла, падпісвала.
В.Б.: У нас з сынам таксама бываюць падобныя забаўкі. Аднойчы ён захацеў зрабіць цацачны акварыум. Мы дасталі з балкона кардонную ўпакоўку ад канапы і сталі выразаць з яе «вуглікі». Пасля скляпалі іх стэплерам — і выйшаў каркас. З кардону зрабілі днішча. Уверсе нацягнулі лёску і падвесілі пластмасавых рыбак. Сыну вельмі спадабалася. Адна толькі праблема: ён не вельмі ахвотна бярэ ўдзел у працэсе. Збольшага назірае, як гэта робіць бацька.
С.К.: Калі гаворка пра складаныя маніпуляцыі, то гэта нармальна, калі імі займаецца бацька. Але ў астатнім дзіця мусіць быць задзейнічана, інакш яно застаецца простым гледачом. Карысці ад такой гульні мала. І зробленую рэч ён хутка забудзе, не стане ёй даражыць.
Напрыклад, у нас ёсць і электрычная чыгунка, і машынка на радыёкіраванні, але аўтобус, на які дзіця само наклеіла нумар і для якога само зрабіла гараж, усё адно застаецца цацкай нумар адзін.
Зразумей мяне
В.Б.: У майго сына педагогі адзначаюць добры слоўнікавы запас, развітое маўленне. Але ён дагэтуль не вывучыў назвы месяцаў. І не таму, што не можа, а проста лянуецца. Таму паўстае праблема развіцця памяці, увагі, але так, каб дзіцяці самому было цікава.
С.К.: А паспрабуй з ім гульню «Адгадай». Гуляць у яе можна дзе заўгодна і калі заўгодна: дома, перад сном, на аўтобусным прыпынку, у самім аўтобусе і г. д. Адзін гулец загадвае прадмет. Другі павінен яго адгадаць. Для гэтага ён можа задаваць пытанні, на якія трэба адказваць толькі «так» ці «не». Напрыклад, мой сын загадаў цукерку. Каб адгадаць, тата спачатку спытаў, ці можна гэта есці. Атрымаўшы станоўчы адказ, я пытаюся: «Гэта салёнае?» — «Не». — «Гэта салодкае?» — «Так!» — «Ты гэта любіш?» — «Так». — «Цукерка!»
Пачыналі мы з самых простых прадметаў, але спакваля тэмы ўскладняліся. Дайшло да таго, што дачка загадала паняцці «вакуум» і «Сусвет». І гэтым разам тату давялося добра пасушыць мазгі. Але і дзіцяці трапляліся складаныя задачы.
В.Б.: А майму дзіцяці больш даспадобы гульні з канкрэтнымі прадметамі. Мы звычайна выкладваем на стале з дзясятак розных рэчаў: ручку, мабільны тэлефон, лыжку, цацку і іншае. Пасля сын называе ўсё па парадку, заплюшчвае вочы, а я хаваю адзін прадмет, а астатнія мяняю месцамі. І дзіця павінна адгадаць, што я прыбраў. Для гэтай гульні можна таксама выкарыстоўваць каляровыя фламастары або алоўкі. Яна добра развівае памяць і ўважлівасць. Прычым абавязкова трэба чаргавацца: спачатку тата «вядзе» ў гульні, пасля — дзіця.
А яшчэ мой сын дужа любіць гуляць у хованкі. І мне з маім ростам больш за метр восемдзесят даводзіцца шукаць у кватэры месцы, куды можна схавацца. І яны знаходзяцца! Гульня, здавалася б, старая, як свет, але развівае прасторавыя ўяўленні.
С.К.: Гэта, канешне, выдатна. Але калі хлопчык падрастае, у гульнях павінен з’яўляцца элемент спаборніцтва. Бо ў будучым мужчыну важна развіваць ініцыятыўнасць, імкненне перамагаць, дасягаць сваіх мэт. Мой сын вельмі любіць настольны футбол, які не толькі развівае маторыку, але і вучыць стратэгіі, тактыцы змагання з рэальным сапернікам. І на прыкладзе гэтай гульні я патлумачыў сыну, што перамагчы моцнага праціўніка (такога, як я) складана, але магчыма. І што ў рэальным жыцці могуць быць не толькі перамогі, але і паражэнні. Але не бяда, бо нездарма кажуць, што за аднаго бітага двух нябітых даюць. І годна прайграваць таксама трэба ўмець. А пройгрыш трэба аналізаваць і рабіць вывады.
«На прастор, на шырокі разлог…»
В.Б.: Мяне як бацьку таксама хвалюе пытанне фізічнага развіцця дзіцяці. Бо тых заняткаў фізкультурай, што ладзяцца ў дзіцячым садку, відавочна мала. Усё ж хочацца выгадаваць гарманічна развітую асобу, а не хатнюю «расліну»…
С.К.: А ты сам адціскаешся ад падлогі штодня? Турнік ёсць у хаце? Якія-небудзь гантэлі? Ты сам чымсьці такім карыстаешся? Напрыклад, мы з сынам у вольную хвіліну разам адціскаемся. Спачатку яму было цяжка, але цяпер ён робіць гэтае практыкаванне бадай што нароўні са мной.
В.Б.: Турніка ў мяне няма. Але дома ёсць штанга, з якой я рэгулярна займаюся.
С.К.: Ці не зарана для малога — штанга?
В.Б.: Я кажу пра ўласны прыклад. Дзіця так ці інакш бачыць, што бацька цягае жалеззе, цікавіцца, навошта гэта трэба. Хай сабе штангу ён пакуль не падніме. Але маленькія гантэлі яму па сілах.
С.К.: А чаго мы зацыкліліся на кватэры? Малому патрэбны мяч, бадмінтонавыя ракеткі, ролікі, веласіпед… Нельга ўвесь час сядзець у хаце! Трэба на свежае паветра, «на прастор, на шырокі разлог». Я ў маленстве днямі прападаў у двары, гуляў з аднагодкамі.
Дарэчы, дзіцяці трэба абавязкова кантактаваць з равеснікамі, асабліва калі гэтае дзіця адно ў сям’і (гэта твой выпадак). Каб малое, калі падрасце, не толькі ў інтэрнэце час бавіла.
В.Б.: Інтэрнэт і камп’ютары — гэта не так ужо і кепска. Хоць мы з жонкай свайго сына доўгі час да камп’ютара не падпускалі. Ён толькі мульцікі з інтэрнэту глядзеў. Але цяпер у яго абуджаецца цікавасць. Яшчэ толкам не навучыўшыся чытаць і пісаць, ён стаў прасіць, каб я адкрываў яму тэкставы рэдактар. І ён сядзіць, нешта «набірае». Таксама сын ведае, што такое «Скайп», што па ім можна пагаварыць з дзядулем і бабуляй. І пра інтэрнэт таксама мае ўяўленне. Часам нават гуляе ў нескладаныя гульні. Але да камп’ютара дзіця сядае толькі пад маім або жончыным наглядам.
С.К.: Ад сучасных тэхналогій нікуды не схаваешся. Бачыў нават бабулек, што жвава тыкаюць пальцамі ў сучасныя смартфоны. Нешта забараняць — бясплённа і недарэчна. Лепей самому выбраць дзіцяці гульню. Не такую, дзе трэба тупа махаць мячом або страляць налева і направа, дзе кроў свішча. Я свайму сыну на яго смартфон усталяваў гульні са складаннем слоў, разгадваннем крыжаванак. Яшчэ малы цікавіцца геаграфіяй, і для яго знайшлася гульня, дзе правяраецца веданне гарадоў, сталіц розных краін.
В.Б.: Але для камп’ютараў і гаджэтаў ёсць свае разумныя «дозы». Хоць многія таты робяць проста: сунуў дзіцяці тэлефон, каб не назаляла, — і займаюцца сваімі справамі. Гэта ў прынцыпе няправільна. Па-першае, у малога ўзнікае залежнасць. Па-другое, вы ўпускаеце магчымасць наладзіць эмацыянальны кантакт з дзіцем. А дзеці бываюць маленькімі толькі адзін раз. І якія ўспаміны яны вынесуць са свайго маленства? Мадэль бацькавага тэлефона?
С.К.: Калі тату здаецца, што ў яго няма здольнасцяў, каб заняць дзіця нечым цікавым, гэта сведчыць не аб адсутнасці фантазіі, а аб самаапраўданні ўласнай ляноты. Так, усе мы стамляемся на працы. Але гульня з малымі — гэта мадэляванне розных сітуацый і падрыхтоўка да самастойнага жыцця.
В.Б.: І прафілактыка адчужанасці паміж татам і дзецьмі.