Са жніўня 1914 года для наваельнянцаў, як і для іншых жыхароў Дзятлаўшчыны, пачалася вайна. Многія ў сувязі з пагрозай акупацыі пакідалі родныя мясціны, станавіліся бежанцамі.
На штабных картах акупаваныя тэрыторыі, уключаючы Дзятлаўшчыну, пазначаліся пад назвай «Зямля Абярэст». Мяжа Абярэста праходзіла на ўсход па лініі Дзятлава — Ліда — Воранава.
Восенню 1914 года ў мястэчку Наваельня пачалася мабілізацыя ў войска. Многіх наваельянцаў землякі праводзілі ў царскую армію. Наваельня апынулася на захопленай германскімі войскамі тэрыторыі. На працягу трох гадоў, з восені 1915 года па снежань 1918 года, тут гаспадарылі немцы. Яны ператварылі мястэчка Наваельня ў прыфрантавую зону. На чыгуначнай станцыі Наваельня размясціўся нямецкі гарнізон, быў назначаны стараста паселішча. Гарнізон адказваў за бяспечны рух цягнікоў па чыгунцы, якая звязвала Ліду — Баранавічы, Баранавічы — Слонім.
Для вайсковых патрэбаў германскае камандаванне ў 1916 годзе пачало будаўніцтва вузкакалейнай чыгункі ад станцыі Наваельня да фронту. Яе асноўная лінія ішла ад станцыі Наваельня да мястэчка Любча праз Навагрудак. Дзве дадатковыя — ад Зароя да ракі Сервеч і ад Навагрудка да Карэлічаў. Такім чынам, вузкакалейка злучала буйны чыгуначны вузел Наваельня на Дзятлаўшчыне з Навагудкам і далей да Любчы. Для правядзення работ зганялі літаральна ўсё працаздольнае мясцовае насельніцтва, высякалі мясцовыя лясы. Чыгунку пабудавалі менш чым за год. Дарога служыла для падвозу боепрыпасаў.
Для тэхнічнага абслугоўвання паравозаў і вагонаў вузкай каляі на станцыі Наваельня было пабудавана дэпо.
У гэты час у мястэчку ствараецца першы рэвалюцыйны камітэт беднаты. Яго старшынёй быў Іосіф Нагорны, сакратаром — Юліян Кардаш, удзельнікамі — Кліменцій Кардаш, Іосіф Аблажэй, Сідар Кардаш і іншыя. Рэўкам стварыў узброены атрад, у які добраахвотна ўступілі Якаў Чувак, Сяргей Клімец, Мікалай Лабар, Міхаіл Трубко, Піліп Жых, Навум Ракіцкі, Барыс Кардаш і іншыя.
На станцыі Наваельня знаходзіўся вялікі нямецкі склад са зброяй, боепрыпасамі, амуніцыяй, прадуктамі харчавання. Ён ахоўваўся.
Яшчэ да прыходу чырвонаармейцаў жыхары навакольных вёсак і Наваельні змаглі захапіць складскія памяшканні. Дзякуючы рэўкаму і атраду, немцы, калі пачалі адступаць, не змаглі знішчыць свае запасы. Усе гэтыя трафеі пасля былі выкарыстаны для патрэбаў Чырвонай Арміі.
Камандзіры баявых атрадаў Наваельні, Ліжэйкаў, Зароя дамовіліся нанесці нечаканы ўдар па варожым гарнізоне ў Наваельні ў ноч на суботу 17 снежня 1918 года. Яны знялі нямецкія пасты на станцыі і адкрылі агонь па акупантах у дэпо і на чыгунцы. Затым абстралялі нямецкую казарму ў самім мястэчку. У канцы снежня 1918 года немцы ў паніцы пакінулі Наваельню. Спыніўся рух па чыгунцы на лініі Баранавічы — Ліда. Германскі браніраваны цягнік спрабаваў дайсці да Наваельні, каб арганізаваць новае наступленне. Аднак у Навагрудак прыбыў эскадрон кавалерыстаў рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Адзін з узводаў, якім камандаваў таварыш Расчэцін, прыехаў у Наваельню. Эскадрон Расчэціна стаў ядром новага атрада. З ліку мясцовых добраахвотнікаў быў створаны 2-гі кавалерыйскі дывізіён, у склад якога ўваходзілі два эскадроны і кулямётная каманда.
Кулямёты, ручныя гранаты, вінтоўкі, патроны, сёдлы і прадукты яны ўзялі на былым нямецкім складзе ў Наваельні. Так, забіраючы зброю ў ворага, жыхары гналі яго прэч са сваёй зямлі. У снежні 1918 года насельніцтва сваімі сіламі выгнала акупантаў і вызваліла Дзятлаўшчыну. На пачатку 1919 года ў Наваельні, як і на ўсёй тэрыторыі Дзятлаўшчыны, была ўстаноўлена Савецкая ўлада.
Наступствы Першай сусветнай вайны змянілі палітычную карту Еўропы. У Германіі была абвешчана Веймарская рэспублікі, Аўстравенгрыя распалася на Аўстрыю і Венгрыю, заснавалася Польская дзяржава на чале з Пілсудскім. Пасля трыумфальнага шэсця Савецкай улады пачаўся перыяд грамадзянскай вайны. Маладая савецкая дзяржава аказалася ў вогненым кальцы. Іншаземная інтэрвенцыя, белапалякі, белагвардзейцы — усе імкнуліся сцерці яе з палітычнай карты.
Н. ХАРОШКА