У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшло пашыранае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 2006 года №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях».
На мерапрыемстве, акрамя ўдзельнікаў каардынацыйнага савета, прысутнічалі спецыялісты службаў прафілактыкі, намеснікі дырэктараў па ідэалагічнай рабоце гаспадарак і арганізацый раёна, дзе дапушчаны парушэнні.
Пачаў пасяджэнне намеснік старшыні райвыканкама, старшыня каардынацыйнага савета І. Кухарэвіч.
— Што тычыцца ў цэлым работы па рэалізацыі Дэкрэта №18, на Дзятлаўшчыне створана і працуе сістэма мераў, аднак ёсць пэўныя недахопы — з-за недапрацовак адказных асобаў на месцах. У сакавіку наш раён правярала абласная пракуратура. Атрымалі някепскую ацэнку, але маюцца і заўвагі. На іх звернем увагу, прымем адпаведныя меры да адказных асобаў, якія дапусцілі недахопы ў рабоце.
Першым на парадку дня было пытанне аб ходзе рэалізацыі ў Дзятлаўскім раёне Плана дадатковых мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню пагашэння расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Са справаздачамі выступілі некалькі дакладчыкаў. У час абмекавання дакладаў звярталіся і да прадстаўлення пракуратуры Гродзенскай вобласці ад 10 сакавіка 2017 года «Аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, скіраванага на ўзмацненне адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, прычынаў і ўмоваў, якія ім садзейнічаюць».
Начальнік аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна Д. Сяркоў расказаў, што на кантролі ў аддзеле знаходзіцца 71 асоба, якая абавязана пагашаць расходы на ўтрыманне дзяцей. З іх 48 — працаўладкаваны, 7 — пенсіянеры (утрыманне вядзецца з пенсійных выплат), 1 — пагашае добраахвотна, 8 — па рашэнні суда знаходзяцца ў ЛПП, 7 — адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. З пачатку дзеяння Дэкрэта №18 на 1 сакавіка 2017 года належала выплаціць 765328 рублёў, было спагнана — 536555 рублёў, што складае 70,1% ад сумы (абласны паказчык — 64,6%).
Пры нядаўняй праверцы работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама абласная пракуратура выявіла, што доўгі час не паступаюць грашовыя сродкі на ўтрыманне нпаўналетняга, які выхоўваецца ў прыёмнай сям’і, а раней быў на дзяржзабеспячэнні ў Дзятлаўскім дзіцячым доме. У аддзеле прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна адсутнічала выканаўчая вытворчасць на асобу, якая павінна была пагашаць сродкі на ўтрыманне гэтага дзіцяці. Цяпер памылка выпраўлена — выпісаны дублікат выканаўчага ліста і накіраваны па месцы знаходжання абавязанай асобы. Намеснік старшыні райвыканкама І. Кухарэвіч запатрабаваў у спецыялістаў больш адказных адносінаў да работы.
Яшчэ адна праблема, характэрная для нашага раёна, — непагашэнне расходаў на ўтрыманне дзяцей з-за блакіроўкі разліковых рахункаў наймальніка.Так, рахункі МПМК-147 з-за складанага фінансавага становішча заблакіраваны. Тут працуе абавязаная асоба, з якой у вызначаным парадку спаганяюцца грошы на ўтрыманне дзіцяці. Паколькі сродкі знаходзяцца на заблакіраваным рахунку арганізацыі, перавесці іх спаганяльніку няма магчымасці. У гэтай праблемы могуць быць наступныя варыянты рашэння: трэба або працаўладкаваць абавязаную асобу ў іншую арганізацыю, або разгледзець магчымасць добраахвотнай выплаты сродкаў на ўтрыманне дзіцяці.
Намеснік старшыні райвыканкама І. Кухарэвіч даручыў адказным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і аддзела прымусовых выкананяў Дзятлаўскага раёна ў бліжэйшы час вывучыць сітуацыю па кожным канкрэтным неплацельшчыку і разабрацца.
Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. Савань расказала аб працаўладкаванні абавязаных асобаў у арганізацыі і гаспадаркі раёна. Нявыхады на працу і знаходжанне на рабочым месцы няпоўны рабочы час з’яўляюцца асноўнымі прычынамі невыканання абавязанымі асобамі штомесячных абавязкаў па пагашэнні расходаў на ўтрыманне дзяцей. Так, за студзень-сакавік 2017 года дапушчаны 255 прагулаў. Ад яўкі на работу ўхіляліся 14 чалавек, трое з якіх учынілі звыш 10 прагулаў. Найбольшая колькасць прагулаў дапушчана ў КСУП «Вензавец», КСУП «Хвінявічы», КСУП «Русь-Агра». На адну з абавязаных асобаў рыхтуюць дакументы для накіравання ў ЛПП, яна адпрацоўвае прагулы ў выхадныя дні.
Як працуюць з абавязанымі асобамі, таксама расказалі галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама А. Чайкоўская і намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы У. Калодка.
Наступнае пытанне каардынацыйнай нарады тычылася прыцягнення абавязаных асобаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту па артыкуле 9.27 КоАП РБ. У такім выпадку наймальнікі па асноўным месцы работы (згодна з пунктам 1.6 рашэння каардынацыйнай нарады ад 29 снежня 2016 года) павінны забяспечыць падвоз арыштаваных на работу і назад у раённы аддзел міліцыі да месца адбывання пакарання. На практыцы гэта рашэнне не выконваецца. За прагулы на працоўным месцы без уважлівых прычынаў за першы квартал сёлета да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты шэраг абавязаных асобаў. Інфармацыя аб гэтым паступала наймальнікам, аднак арыштаваныя да асноўнага месца работы не дастаўляліся. Сярод прычынаў, чаму так адбывалася, — несупадзенне часу арышту з працоўным графікам абавязаных асобаў, позняе паступленне інфармацыі аб арышце наймальніку.
Намеснік старшыні райвыканкама І. Кухарэвіч запатрабаваў у бліжэйшы час разабрацца з усімі недапрацоўкамі і выправіць іх.
І. СТЫРНІК