Да Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Гродзенскі абласны камітэт грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» пры падтрымцы абласнога аб’яднання прафсаюзаў, абласнога савета ветэранаў, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, абласной арганізацыі ГА «Белая Русь» праводзіць абласную патрыятычную акцыю «І ў памяці навекі імёны…».
Мэта акцыі — увекавечыць памяць аб пакаленні Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемства стартавала 21 сакавіка 2016 года і будзе доўжыцца да 22 чэрвеня 2017 года.
На Дзятлаўшчыне да ўдзелу ў акцыі запрашаем жыхароў раёна, саюзную моладзь, раённы савет ветэранаў, раённую арганізацыю ГА «Белая Русь». Каб стаць удзельнікамі абласной патрыятычнай акцыі, неабходна запоўніць анкету і размясціць інфармацыю аб удзельніку Вялікай Айчыннай вайны ў спецыяльна створанай групе «І ў памяці навекі імёны…» Дзятлаўскі раён» ВКонтакте.
Акцыя праходзіць у тры этапы. На першым — раённы камітэт ГА «БРСМ» стварыў інтэрнэт-групу ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте. Мяркуецца, што ў далейшым яна ператворыцца ў віртуальны музей памяці, дзе будуць захоўвацца матэрыялы, фотаздымкі, кароткая інфармацыя аб людзях-сведках Вялікай Айчыннай вайны, іх успаміны або ўспаміны іх родных.
Другі этап акцыі — з 25 красавіка па 9 мая. Раённы камітэт і пярвічныя арганізацыі ГА «БРСМ» раёна арганізоўваюць удзел святочнай калоны памяці ў шэсці, прымеркаваным да 72-й гадавіны Вялікай Перамогі. Валанцёры ўжо распаўсюджваюць інфармацыю пра акцыю сярод жыхароў Дзятлаўшчыны. Людзям расказваюць аб тым, што любы з іх можа далучыцца да святочнага шэсця. 9 мая удзельнікам акцыі «І ў памяці навекі імёны…» уручаць штандары з фотаздымкамі ўдзельнікаў вайны, з якімі яны пройдуць у складзе святочнай калоны памяці. Прыйсці на свята можна і з партрэтамі сваіх блізкіх, якія з’яўляліся ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.
На трэцім этапе мерапрыемства (да 22 чэрвеня 2017 года) плануецца арганізаваць памятную экспазіцыю «І ў памяці навекі імёны…» у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Сюды ўвойдуць усе сабраныя матэрыялы аб пакаленні Вялікай Айчыннай вайны Дзятлаўшчыны.
К. ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ»