“Граніт-Агра” сее цукровыя буракі

Падзеі

Сёлета пад цукровыя буракі ў раёне адведзены 1295 гектараў.  Лепшыя тэрміны для сяўбы ўжо надышлі.

Будуць сеяць цукровыя буракі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, акрамя двух – КСУП “Слава працы” і “Белагурна”. Самыя вялікія плошчы запланаваны пад салодкія карані ў ААТ “Граніт-Агра” (315 гектараў) і КСУП “Русь-Агра” (300 гектараў). Гранітаўцы і першыя ў раёне пачалі сёлетнюю сяўбу буракоў. Расказвае галоўны аграном “Граніт-Агра” Антон Тарасевіч:

– Цукровымі буракамі мы займаемся з 2006 года. Гэта выгадная культура, затраты на яе акупляюцца пры ўраджайнасці каля 400 цэнтнераў, мяркую па леташнім годзе. Наша ўраджайнасць летась склала 570 цэнтнераў з гектара. Атрымлівалі, праўда, і па 700. Але апошнія гады выдаюцца сухія ў жніўні-верасні, і карані кепска набіраюць масу.

Засяваем звычайна каля 300 гектараў. Сёлета пасеем на 315-і. Для сяўбы маем дзве механічныя сеялкі дакладнага высеву: “Унікорн” і 12-радковую клецкую. З пятніцы працавала адна сеялка, на сёння (панядзелак, 10 красавіка) запусцілі ў работу другую. Пасеялі ўжо 32 гектары. Пачалі сяўбу з ранніх гібрыдаў ад фірмы “Штрубе”, сорт “гулівер”.

Рыхтаваць глебу пад буракі мы пачалі з восені, на 280 гектарах пад асенняе ворыва ўнеслі арганіку. Ранняй вясною падрыхтавалі апошнія 35 гектараў, да сёння і на іх глеба асела, гатова пад наступную апрацоўку. Раннія зернявыя культуры мы амаль што пасеялі, таму перакінулі культыватары на падрыхтоўку глебы пад буракі. На сёння гатовы да сяўбы 100 гектараў. Мінеральны калій унеслі з восені, вясною ўносім фосфарныя тукі і карбамід. КАСам не карыстаемся, каб не губляць час на чаканне, бо глеба ўжо падсохла і трэба сеяць. Насенне завезена пад поўную патрэбу – 8 сартоў ад трох фірмаў. І закладваем вопыты – уся лінейка сартоў будзе на вопытным полі для параўнання і наступнага адбору самых прыдатных для нашых умоваў. Сяўбу буракоў даручылі Міхаілу Халецкаму і Аляксандру Кардашу.

Насенне буракоў ад фірмы Maribo.

 

Сейбіт Аляксандр Кардаш аглядвае пасяўны агрэгат.

За рабочую змену Аляксандр засявае 15-20 гектараў.

– Сяўбу арганізавалі. Цяпер вырашаем, дзе прыдбаць гербіціды на хімпраполку – гэта вострае пытанне, – кажа Антон Тарасевіч.

Б. ВАРНА

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *