Дзятлаўшчына сустракае педагогаў з Малдовы

Падзеі

З 25 па 30 красавіка 2017 года на Дзятлаўшчыне з рабочым візітам знаходзіцца дэлегацыя педагогаў з Рэспублікі Малдова. Пляцоўкай для абмену вопытам выбрана сярэдняя школа №3 горада Дзятлава.

Педагогі нашага раёна і іх малдаўскія калегі сустракаюцца у рамках праграмы Савета Еўропы па павышэнні кваліфікацыі і прафесійным абмене для педагогаў «Pestalozzi». Праграма рабочага візіту «Стратэгіі ўзаемадзеяння паспяховага партнёрскага супрацоўніцтва» ўключае ў сябе такія формы работы, як «Круглыя сталы», трэнінгі, адкрытыя ўрокі, майстар-класы, дыскусіі.

Афіцыйнае адкрыццё рабочага візіту адбылося 26 красавіка ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.

Гасцей павітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік:

— Мы рады сустракаць на дзятлаўскай зямлі педагогаў з Малдовы на чале з начальнікам упраўлення адукацыі, моладзі і спотру Тараклійскага раёна Яўгеніяй Мандажы і старшынёй Міжнароднага Цэнтра «Іnovatica-Optim» Рэспублікі Малдова Юліяй Боцан. Сёння свет адкрыты для стасункаў. Інтэграцыя ў сусветную эканамічную і адукацыйную прастору адкрывае для гэтага новыя гарызонты і магчымасці. Калі ў чалавека шмат сяброў, ён становіцца багацейшы духоўна, а калі сябруюць рэгіёны і краіны, духоўна абагачаецца вялікая колькасць людзей. Асноўныя мэты нашага ўзаемадзеяння — умацаванне супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі Рэспублікі Малдова і Рэспублікі Беларусь, выкарыстанне адукацыйнага патэнцыялу для развіцця сяброўскіх адносінаў, вывучэнне перадавога педагагічнага вопыту і тэхналогій для выкарыстання на практыцы, супрацоўніцтва ў сферы навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Мы спадзяёмся, што першы рабочы візіт перарасце ў заключэнне пагадненняў паміж установамі адукацыі, стварэнне праграмы далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у якім знойдуць сваё адлюстраванне сумесныя даследчыя і адукацыйныя праекты, абмен педагогамі і навучэнцамі, правядзенне семінараў, іншыя мерапрыемствы. Таксама спадзяёмся, што вы станеце злучальным звяном у наладжванні дзелавых сувязяў у іншых галінах эканомікі нашых рэспублік.

Жадаю плённай работы.

У сваю чаргу начальнік упраўлення адукацыі, моладзі і спорту Тараклійскага раёна Яўгенія Мандажы падзякавала за цёплую сустрэчу і ўручыла гаспадарам пляцоўкі сувеніры з нацыянальным каларытам, якія будуць нагадваць пра Малдову.

Старшыня Міжнароднага Цэнтра «Іnovatica-Optim» Юлія Боцан зазначыла:

— Наша арганізацыя цесна супрацоўнічае з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №3 Аленай Баклага, з трэнерам праграмы Савета Еўропы па павышэнні кваліфікацыі і прафесійным абмене для педагогаў «Pestalozzi» Ірынай Лапіцкай, мы ўжо бывалі ў Мінску. А цяпер вырашылі даць старт канкрэтнаму сумеснаму праекту па супрацоўніцтве і абмене вопытам.  

І. СТЫРНІК
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *