Добрай душы чалавек

Падзеі

К. Ушынскі сказаў: «Калі вы ўдала выбераце працу і ўкладзяце ў яе ўсю сваю душу, то шчасце само адшукае вас». Шчаслівай у прафесіі была наша ранейшая калега, выхавальніца Казлоўшчынскага яслі-сада Зінаіда Аляксееўна Ганчарук — добрай душы чалавек.

Прафесія выхавальніка — адна з самых запатрабаваных і нялёгкіх. У садку дзяцей вучаць усяму, што спатрэбіцца ў далейшым жыцці — стараннасці, акуратнасці, сумленнасці, уменню сябраваць. Каб сфарміраваць такія якасці, выхавальнік павінен і сам быць мудрым, цярплівым, вельмі разумным чалавекам. Гэта прафесія пакараецца не кожнаму.

Зінаіда Аляксееўна Ганчарук нарадзілася 7 сакавіка 1947 года ў вёсцы Дзям’янаўцы Жалудоцкага (цяпер Дзятлаўскага) раёна.

Вучылася ў Моцевіцкай сярэдняй школе Лідскага раёна, пасля заканчэння якой у 1964 годзе паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут на факультэт матэматыкі. Паспяхова скончыла вучобу ў 1968 годзе. Сваю працоўную дзейнасць пачынала ў Лявонавіцкай сярэдняй школе, куды была накіравана па размеркаванні настаўніцай матэматыкі.

У 1971 годзе Зінаіда Аляксееўна ўслед за мужам пераехала працаваць у Шчучынскі раён у Ашмянцаўскую сярэднюю школу.

Аднак у 1983 годзе лёс зноў прывёў яе на Дзятлаўшчыну, у пасёлак Казлоўшчына, і 5 верасня Зінаіда Аляксееўна прыйшла працаваць у Казлоўшчынскі яслі-сад выхавальніцай. На той час у яе падрасталі чацвёра дзяцей, старэйшыя з якіх пайшлі вучыцца ў школу, малодшы Сярожа наведваў дзіцячы садок.

Зінаіда Аляксееўна лёгка ўвайшла ў наш калектыў. З першых дзён здолела звярнуць на сябе ўвагу. Заўсёды ветлівая, энергічная, добразычлівая. Яе мяккі і спакойны голас, добрыя вочы прыцягвалі да сябе людзей, абагачаючы іх ідэямі, зараджаючы аптымізмам і верай ва ўласныя сілы.

Гэта жанчына надзелена выдатнымі якасцямі: яна эрудыраваная і ў той жа час простая, дасціпная ў стасунках, адкрытая, бескарыслівая, гатовая прыйсці на дапамогу, а галоўнае — вельмі патрабавальная да сябе. Зінаіда Аляксееўна прыйшла ў педагогіку не дзеля прэстыжу, а па закліку душы. Галоўным прынцыпам яе работы было стварэнне камфортных умоваў для кожнага дзіцяці. Яна цярпліва ўсяляла ў хлопчыкаў і дзяўчынак дабрыню і ўпэўненасць у сабе. Працавала заўсёды сумленна, па крупінках збіраючы лепшы вопыт сваіх  калегаў і свой уласны, вывучаючы найноўшыя дасягненні педагагічнай навукі.

Лёс не песціў Зінаіду Аляксееўну. У 1987 годзе трагічна загінуў яе муж, і жанчыне адной давялося ставіць на ногі, выхоўваць і вучыць дзяцей.

Якія б выпрабаванні не падкідвала жыццё, Зінаіда Аляксееўна заставалася добразычлівай і лёгкай у стасунках. Шмат пяшчотных і добрых словаў заслужыла яна. Пра яе душэўнасць, адкрытасць, любоў да людзей і дзяцей можна расказваць бясконца. Але ў маёй памяці Зінаіда Аляксееўна застаецца чалавекам актыўным, творчым, які заўжды знаходзіцца ў пошуку.

Сёлета споўніцца 14 гадоў, як Зінаіда Аляксееўна Ганчарук знаходзіцца на пенсіі. На жаль, хваробы часта даюць аб сабе знаць, але хочацца назваць яе малайчынай, бо яна выгадавала і выхавала чацвёра дзяцей, дапамагла ўсім ім атрымаць вышэйшую адукацыю, стаць годнымі людзьмі. Цяпер яна шчаслівая бабуля шасці ўнукаў.

Нядаўна Зінаіда Аляксееўна Ганчарук адсвяткавала сваё сямідзесяцігоддзе. Мы, калегі па працы, жадаем юбілярцы актыўнага даўгалецця.

І. ШУНДРЫК,
выхавальніца Казлоўшчынскага яслі-сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *