Больш за 20 млн дрэў пасадзілі беларусы ў час Тыдня лесу-2017, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
«У добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу-2017″ прынялі ўдзел 82,5 тыс. чалавек. Іх рукамі пасаджана амаль 21 млн дрэў. Усяго лясныя культуры пасаджаны на плошчы 6,7 тыс. га, з іх 1,1 тыс. га — участкі лесу, пашкоджаныя ўраганамі. Дапаўненне лясных культур праведзена на плошчы 1,8 тыс. га», — расказалі ў ведамстве.
Акрамя таго, у час акцыі прыведзена ў парадак 138 месц адпачынку. Прыбрана больш за тысячу кубаметраў смецця з тэрыторыі ляснога фонду, прыдарожных палос, мясцін адпачынку. «Акрамя стварэння новых лясоў удзельнікі акцыі закладвалі памятныя алеі і скверы ў гонар воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся за вызваленне Беларусі. Таксама прыведзены ў парадак пасля зімы 27 мемарыяльных комплексаў і 37 месц партызанскіх стаянак, размешчаных у лясным фондзе. У цэлым у час Тыдня лесу добраахвотнымі ўдзельнікамі акцыі праведзена вялікая работа. Лясы літаральна змяніліся, сталі чысцейшымі і прыгажэйшымі, месцы высечкі зазелянелі новымі парасткамі», — падкрэслілі ў Мінлясгасе. Традыцыйная добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу» была арганізавана ў Беларусі з 1 па 8 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. У гэтым годзе яна праводзілася дзясяты раз і прысвячалася аднаўленню лесу, пашкоджанага стыхійнымі бедствамі, што пранесліся па тэрыторыі Беларусі летам мінулага года.