Баяністы Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў узялі ўдзел у двух абласных конкурсах, з абодвух вярнуліся з узнагародамі.
У Гродне прайшоў конкурс “Юны віртуоз”, які праводзіцца кожныя два гады. Сваю творчасць па аддзяленні “баян” у малодшай і сярэдняй групах прадставілі шэсць юных выканаўцаў з Дзятлаўскага раёна. Дыпломамі трэцяй ступені ў сярэдняй узроставай падгрупе былі ўзнагароджаны Вольга Гульнік (педагог Н. Лішык) і Алеся Шыпіла (педагог С. Жэлязоўскі); Ульяна Шэўко і Паліна Дзедава атрымалі граматы за ўдзел у конкурсе. У малодшай падгрупе Аляксандр Волкаў (педагог С. Жэлязоўскі) і Валерыя Шалесная (педагог Н. Лішык) адзначаны граматамі за паспяховае выступленне.
На базе Лідскага музычнага каледжа адбыўся 23-ці адкрыты абласны конкурс імя К. Горскага, дзе Дзятлаўская школа мастацтваў таксама адзначылася актыўным прадстаўніцтвам. Алеся Шыпіла і Аляксандр Волкаў – абодва занялі трэцяе месца ў сваёй узроставай групе; Ульяна Шэўко (педагог І. Цыгель) і Вольга Гульнік адзначаны граматамі за паспяховае выступленне.
— Выязджаючы на конкурсы, мы бачым, што ўзровень канкурсантаў і складанасць конкурсных праграм з году ў год расце, – адзначае настаўніца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў па класе “баян” Наталля Лішык. – Таму і нашы вучні рыхтуюцца да сапраўднай “дарослай” барацьбы, нават у малодшай групе засвойваюць праграму старэйшых класаў, наведваюць дадатковыя заняткі, каб дасканала вывучыць свой інструмент.
Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара