Жыццёвы выбар — гісторыя

Падзеі

Наша зямлячка Наталля Генадзьеўна Харошка яшчэ ў час вучобы ў Наваельнянскай сярэдняй школе зацікавілася вывучэннем гісторыі роднага краю. Любоў да навукі ёй прывіла кіраўнік школьнага музея «Дзеці ліхалецца» Т. У. Крывеня. У 2011 годзе Н. Г. Харошка скончыла Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы па спецыяльнасці «Дакументальнае забеспячэнне ўпраўлення і архівазнаўства» і паступіла на завочнае аддзяленне ГрДУ імя Я. Купалы.

Цяпер студэнтка паглыблена вывучае гісторыю сваёй малой радзімы і працуе над дыпломнай работай «Сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё гарадскога пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна ў 16-ым — пачатку 21 стагоддзя». Яе навуковы кіраўнік — кандыдат навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Святлана Уладзіміраўна Сілава.

Наталля Генадзьеўна вывучае архіўныя даныя, гістарычныя дакументы, вялікую дапамогу ёй па-ранейшаму аказвае Т. У. Крывеня. Самымі цікавымі фактамі краязнаўца дзеліцца з чытачамі раённай газеты «Перамога».

І. КАЎКЕЛЬ

Гісторыя паходжання Наваельні

Часам заснавання любога паселішча лічыцца першае ўзгадванне яго назвы ў пісьмовых крыніцах. Доўга лічылася, што Наваельня ўпрешыню ўзгадвалася ў XVI стагоддзі, як вёска Ельня. Назва адлюстроўвала прыродныя асаблівасці мясцовасці. Аднак, спасылаючыся на даныя Беларускага дзяржаўнага архіву, можна смела сцвярджаць, што ўпершыню Ельня вядома ўжо ў пачатку XV стагоддзя.

Сучасная Наваельня суадносіцца гісторыкамі з назвай паселішча Ельня, што знаходзілася пры ўпадзенні ракі Ятры ў раку Моўчадзь. Да 1451 года маёнтак Ельня належаў князю Фядзюку Даўгальдавічу. У 1451-ым кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык перадаў сядзібу з вёскай Ельня канцлеру ВКЛ смаленскаму намесніку Міхаілу Кязгайлавічу. У самаго вялікага князя не было дзяцей, таму пасля яго смерці сядзіба і вёска Ельня сталі ўласнасцю Міхаіла Кязгайлавіча.

Цяпер звесткі пра маёнтак Ельня можна знайсці ў пергаментным Прывілеі, які захоўваецца ў Бератне ў тайным дзяржаўным архіве Прускай культурнай спадчыны ў калекцыі Войцэха Людвіка Заштаўта. Архіў маёнтка Наваельня захоўваецца ў Варшаве, у Галоўным архіве старажытных актаў, а ў Нацыянальным Гістарычным архіве Беларусі ёсць мікрафільм гэтых дакументаў.

У XVI стагоддзі ў ВКЛ была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа,  Беларусь падзяліл на ваяводствы. З таго часу маёнтак і мястэчка ўзгадваюцца пад назвай Новая Ельня Слонімскага павета. У архіве ёсць інвентар маёнтка Наваельня Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ад 13 красавіка 1641 года, які сведчыць, што маёнтак належаў навагрудскаму ваяводзе Стэфану Тызенгаўзу.

Існуе і легенда пра паходжанне назвы пасёлка. Яна расказвае пра старога пана, які жыў у гэтай мясцовасці ў багатым маёнтку. Ён верыў розным прадказанням. Адным восеньскім дажджлівым вечарам у маёнтак зайшла цыганка. Каб аддзячыць за начлег, яна прадказала пану, што смерць яго прыйдзе з боку лесу. Пан спужаўся і загадаў высекчы паблізу ўсе лясы. Праз некалькі гадоў ён памёр ад старасці. У маёнтак перабраўся яго сын, які раней вучыўся ў горадзе. Малады гаспадар не пазнаў родныя мясціны і загадаў пасадзіць маладыя дрэўцы.

Праз некаторы час вакол маёнтка вырас малады хвойны лес. З таго часу месца, дзе стаяў маёнтак, пачалі называць Новай Ельняй, пазней — Наваельняй.

У народзе існуе яшчэ адно паданне — аб рэчках Ятранцы і Маўчадцы.

Шмат гадоў таму ў мястэчку Старая Ельня жыла жанчына. Нарадзіўшы двух дачок, яна памерла, але перад смерцю паспела даць дзяўчынкам імёны — Ятрына і Маўчана. Родных у жанчыны не было, і па рашэнні суда, дзеці трапілі на выхаванне ў чужыя сем’і. Ятрына — у сям’ю купца з мястэчка Круцілавічы, Маўчана — у сялянскую сям’ю з мястэчка Моўчадзь. Сям’я Ятрыны была жорсткая, суровая да людзей. Такой жа вырасла прыёмная дачка. Сям’я Маўчаны была працалюбівая, дабразычлівая. Такой жа выхоўвалася дачка.

Прайшлі гады, дзеці выраслі. Маўчана прыехала ў Старую Ельню, быццам само сэрца прывяло яе ў родны куток. Тут яна заслужыла любоў землякоў. Ятрына трапіла да разбойнікаў, якія ў лясах каля Старой Ельні рабавалі абозы, здаралася — забівалі людзей. Рабаўнікоў хутка злавілі, адбыўся народны суд. Бандытаў вырашылі пакараць смерцю. Пакаранне было прылюднае, на ім прысутнічала і Маўчана. Сярод рабаўнікоў яна заўважыла дзяўчыну падобную на сябе, зразумела, што гэта яе сястра, падбегла, абняла. Аднак сустрэча аказалася запозненай, і Маўчана зноў засталася адна. Каб загладзіць віну Ятрыны, яна вырашыла да канца дзён дапамагаць людзям.

З таго часу пачалі цячы дзве ракі, якія людзі назвалі імёнамі сясцёр — Ятранка і Маўчадка. Вада ў Маўчадцы цёплая, лагодная, у Ятранцы — халодная нават у спякотны дзень. Зліваючыся разам каля Наваельні, нясуць дзве ракі свае воды ў хуткі Нёман.

Н. ХАРОШКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *