У актавай зале гімназіі №1 горада Дзятлава ў фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча навучэнцаў старэйшых класаў «Моладзь Дзятлаўшчыны выбірае здаровую будучыню», скіраваная на барацьбу з наркотыкамі і нарказалежнасцю.
Мерапрыемства было арганізавана з ініцыятывы раённага камітэта ГА «БРСМ». Удзел у ім прымалі доктар-нарколаг Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы К. Якімчык, оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. Бароўскі, фельчар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Н. Юрэня.
Першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» К. Хілімончык звярнулася да прысутных з пытаннем: «Хто нашы ўнутраныя ворагі, якія перашкаджаюць нам жыць свабодна, цікава і шчасліва?». Удзельнікі мерапрыемства адразу знайшлі адказ: «Гэта — дрэнныя звычкі».
Чым небяспечныя наркотыкі, прысутным расказала доктар-нарколаг К. Якімчык. Яна зазначыла, што нарказалежнасць можа ўзнікаць ужо з першай дозы, што наркаманы найчасцей пакутуюць ад цяжкіх суправаджальных захворванняў (ВІЧ, гепатыт), што спайсы выклікаюць бясплоддзе.
Оперупаўнаважаны АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. Бароўскі азнаёміў навучэнцаў з асноўнымі патрабаваннямі Дэкрэта №6, скіраванага на барацьбу з ужываннем і збытам наркатычных сродкаў. Падлеткі і іх бацькі павінны ведаць, што цяпер крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў надыходзіць з 14 гадоў.
— Алкаголь, тытунь, наркотыкі хутка пранікаюць у кроў і негатрыўна ўплываюць на ўсе органы і сістэмы чалавечага арганізма, — зазначыла фельчар-валеолаг райЦГЭ Н. Юрэня. Спажыванне гэтых рэчываў не пазбаўляе чалавека ад праблемаў, не робіць яго больш шчаслівым. Тады навошта пачынаць?
Напрыканцы сустрэчы прысутныя паглядзелі пазітыўны відэаролік, правялі танцавальны флэш-моб, атрымалі памяткі райЦГЭ, як засцерагчыся ад дрэнных звычак.
І. КАЎКЕЛЬ