Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Падзеі

Сустрэцца са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, згодна з дадзенымі папярэдняга запісу, пажадалі шэсць чалавек, аднак па некаторых пытаннях заяўнікі прыходзілі з групай падтрымкі, таму на прыёме было шматлюдна.

Жыхарка гарпасёлка Наваельня прасіла вырашыць пытанне аб выплаце ёй кампенсацыі за смерць дачкі, якая, па словах маці, памерла ад прафесійнага захворвання.

— Ваша гісторыя даўняя, але кропка ў ёй яшчэ не пастаўлена, — звярнуўся да заяўніцы Уладзімір Краўцоў. – Цяпер вашы дакументы з новым заключэннем медыцынскіх экспертаў знаходзяцца ў абласной пракуратуры. На працягу месяца вы атрымаеце адказ па вашым пытанні. Я трымаю яго на кантролі.

Аб мадэрнізацыі ачысных збудаванняў Дзятлаўскага сыраробнага завода, набалелым для дзятлаўчан пытанні, гаварыла жыхарка горада Дзятлава. У летні перыяд райцэнтр пакутуе ад непрыемнага паху, асабліва тыя грамадзяне, чые жылыя дамы бліжэй за ўсё знаходзяцца да палёў фільтрацыі.

— Падобная праблема ёсць таксама ў іншых гарадах вобласці, такіх як Шчучын, Ашмяны. Аб’ёмы вытворчасці з тых часоў, калі праектаваліся ачысныя збудаванні, выраслі ў разы, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — У 2010 годзе ўжо быў распрацаваны праект рэканструкцыі ачысных збудаванняў Дзятлаўскага сыраробнага завода, аднак не быў рэалізаваны. Цяпер праект актуалізуецца, работа запатрабуе сур’ёзных фінансавых выдаткаў, таму праблема будзе вырашацца паэтапна.

Старшыня аблвыканкама даў даручэнне ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гроднамясамалпрам» аб распрацоўцы стратэгіі па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў, а таксама аб пераглядзе тэхналагічных працэсаў Дзятлаўскага завода.

Пенсіянерка з Дзятлава вельмі хоча працаўладкавацца, каб матэрыяльна падтрымаць дачку-інваліда дзяцінства і ўнука-студэнта, аднак 72-гадовую жанчыну на працу не бяруць. Уладзімір Краўцоў даў даручэнне кіраўніку райвыканкама Аляксандру Дубовіку, па магчымасці, прапанаваць заяўніцы працу ў якім-небудзь грамадскім аб’яднанні.

Жыхары вуліцаў Булата, Высоцкага, Маладзёжнай райцэнтра прыйшлі на асабісты прыём да старшыні аблвыканкама з просьбай правесці каналізацыйныя сеткі да прыватных жылых дамоў іх мікрараёна. Людзі ўжо маюць на руках усю неабходную дакументацыю, якую вырабілі за ўласныя сродкі, і гатовы часткова аплаціць будучыя работы. Аднак вырашэнне іх пытання ўскладняецца з-за састарэлых сетак на вуліцы Дварчаніна, да якой падключаны мікрараён.

Дарэчы, жыхары вуліцы Дварчаніна таксама прыйшлі на прыём з просьбай аб рэканструкцыі каналізацыйнай сеткі сваёй вуліцы, дзе каналізацыя ўводзілася ў эксплуатацыю амаль 30 гадоў таму. Тады ў праекце не прадугледзелі прапускную здольнасць трубаў, яны забіваюцца, сцёкі падтопліваюць уласныя падворкі грамадзян.

Абласным службам дадзена даручэнне на працягу месяца выехаць у Дзятлава камісіяй, разгледзець пытанне і ўнесці прапанову аб тым, як выйсці з сітуацыі.

— За апошнія гады ў Дзятлава шмат было ўкладзена: адрамантаваны вуліцы, дарогі, масты. Але зроблена яшчэ не ўсё, таму крок за крокам праблемы знімаць будзем, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Таксама на кантроль у аблвыканкаме ўзята праблема ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь». Арганізацыі гандлю з іншых абласцей краіны не разлічваюцца з заводам за адгружаную прадукцыю больш за 200 дзён, што адмоўна адбіваецца на эканамічнай сітуацыі прадпрыемства.

І. КАМАРОВА

Фота І. КАМАРОВАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *