«Сэрца аддаю дзецям»

Падзеі

Пад такой назвай на Дзятлаўшчыне прайшоў раённы фестываль замяшчальных сем’яў. У актавай зале гімназіі №1 горада Дзятлава сустрэліся 7 прыёмных сем’яў і прадстаўнікі двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, каб паказаць сваю творчасць, падзяліцца прафесійным майстэрствам, расказаць пра сямейныя традыцыі і дасягненні.

Прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, іх дзяцей павітала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. Белаус. Наталля Сяргееўна падзякавала прыёмным бацькам за іх нераўнадушныя сэрцы, клопат і любоў да дзяцей, за тое, што, дзякуючы іх намаганням, для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак словы «мама» і «тата» загучалі па-новаму.

Удзельнікам фестывалю было прапанавана паспаборнічаць у трох конкурсах. Два з іх былі завочныя, і сем’і рыхтаваліся да іх загадзя.

Першы конкурс — выставы сямейнай творчасці. Бацькі і дзеці паказалі журы выпечку, вырабы з бісеру, фаамірану, драўляныя пазлы, сям’я Млынарчыкаў падрыхтавала шмат вязаных рэчаў, а сям’я Асіпукоў асвоіла тэхніку вырабу пано з гузікаў.

Яшчэ адзін конкурс «Сямейны альбом» падарыў шмат станоўчых эмоцый, бо на фотаздымках, вядома ж, былі самыя радасныя, шчаслівыя моманты жыцця дзяцей і іх бацькоў — сямейныя святы, падарожжы, сумесны адпачынак.

Асноўным заданнем было самапрадстаўленне сем’яў. Удзельнікі рыхтавалі творчыя выступленні працягласцю да 20 хвілін. Журы парадавала, што на сцэну сем’і выходзілі поўным складам, некаторыя нават былі апрануты ў адным стылі. Бацькі расказвалі, чаму сталі прыёмнымі, дзяліліся ідэямі і планамі надалей. Дарослыя прадаставілі і дзецям магчымасць выступіць. Юныя таленты паказалі, на што яны здатныя. Гучалі песні, вершы, многія ігралі на музычных інструментах, танцавалі.

Па выніках іспытаў журы вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: «Самая актыўная» — сям’я Г. Гаўрош, «Самая прамяністыя» — сям’я В. Аніскевіч, «Самая музычная» — сям’я А. Шэлега, «Самая стыльная» — сям’я І. Маскаль, «Самая артыстычная» — сям’я А. Жылянінай, «Самая арыгінальная» — сям’я Л. Асіпук-Фатон, «Самая крэатыўная» — сям’я Н. Млынарчык, «Самая творчая» — сям’я А. Юч, «Самая дынамічная» — сям’я Т. Сянчурынай. Усе сем’і атрымалі адпаведныя дыпломы і падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і Дзятлаўскага раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд».

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *