Шлях у 90 гадоў

Падзеі

Свой 90-ы дзень нараджэння адсвяткавала Еўдакія Рыгораўна Улога, выдатніца народнай асветы Беларусі, уладальніца шэрагу Ганаровых граматаў Міністэрства адукацыі БССР, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў. З адметнай датай юбілярку віншавалі не толькі родныя, але і былыя калегі, вучні.

Кветкі, падарункі, віншаванні для Еўдакіі Рыгораўны падрыхтавалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Н. С. Белаус, намеснік старшыні галіновай ветэранскай арганізацыі Я. Р. Савань, дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы М. А. Доўгач, педагогі М. І. Шоцік, В. М. Саўчанкава, Л. Я. Трубчанкава.

44 гады педагагічнай працы, больш за 20 паслядоўнікаў, якія, дзякуючы прыкладу першай настаўніцы, таксама сталі педагогамі — усё гэта заслугі Е. Р. Улога, былой настаўніцы пачатковых класаў.

У 1947 годзе Еўдакія Рыгораўна скончыла Крычаўскае педагагічнае вучылішчы і прыехала працаваць на Дзятлаўшчыну. Алёхнавіцкая пачатковая школа, пачатковая школа ў Баравіках, Норцавіцкая няпоўная сярэдняя школа, СШ №1 горада Дзятлава, Жыбартоўская і Хвінявіцкая сярэднія школы. Дзе ні працавала Е. Р. Улога, яна была прыкладам для іншых, настаўнікам-наватарам. Першай яна абсталявала лепшы ў раёне і вобласці кабінет настаўніка пачатковых класаў, затым — кабінет працоўнага навучання. Яна вучыла дзяцей не толькі чытаць, пісаць, лічыць, але і шыць, вязаць, вышываць, ткаць паясы, майстраваць карціны з прыроднага матэрыялу.

У 60-70 гадах Еўдакія Рыгораўна наладзіла сустрэчу вучняў з Аляксеем Марэсьевым (захоўваецца фотаздымак з яго аўтографам), з маці піянера-героя Мікалая Гойшыка (перапіска доўжылася некалькі гадоў). Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна вырашыла пабыць у пушкінскіх мясцінах, наведала Ясную Паляну, многія гарады Савецкага Саюза.

Былая настаўніца і сёння актыўная: піша вершы, дзеліцца ўспамінамі аб мінулым і пераканаўча сцвярджае, што «душа не старэе, а любоў прадаўжаецца ў блізкіх людзях, сябрах, былых вучнях».

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *