Сеткі па-за балансам

Падзеі

У снежні 2016 года фінансавая міліцыя горада Слоніма праверыла дзейнасць аднаго з прадпрыемстваў у сферы камунальнай гаспадаркі Дзятлаўскага раёна. І выявіла, што яшчэ ў 2012 годзе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Дзятлаўскага раёна выступіла заказчыкам па будаўніцтве сетак каналізацыі, водаправода і будынка КНС з закупкаю адпаведнага абсталявання ў адной з камерцыйных структур.

Фактычна ўсе работы былі выкананы за кароткі час адной з арганізацый раёна. Аб’ект і сеткі запушчаны і паспяхова дзейнічаюць. Але на пытанне, хто адказвае за гэтыя сеткі і аб’екты, хто выконвае іх тэхнічнае абслугоўванне, хто зможа аператыўна вырашыць магчымыя тэхнічныя няспраўнасці, дакладных адказаў фінансавая міліцыя не атрымала.

Больш таго, адна з помпаў і начыненне да яе, якія выкарыстоўваліся ў КНС і з’яўляліся рэзервовымі, на момант праверкі знаходзіліся на складзе ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. Па бухгалтарскіх дакументах узведзены аб’ект будаўніцтва, які дзейнічаў ужо не першы год, на балансе якой-небудзь сэрвіснай арганізацыі не знаходзіўся, акт уводу і прыёмкі гэтага аб’екта ў эксплуатацыю не быў аформлены і падпісаны.

Усё гэта не перашкодзіла мясцовай арганізацыі камунальнай гаспадаркі на працягу некалькіх гадоў аказваць паслугі па водазабеспячэнні і водаадвядзенні з выкарыстаннем гэтых сетак і КНС, падключаць да іх новых абанентаў.

А хто вінаваты ў перадачы і эксплуатацыі гэтых аб’ектаў без належнага дакументальнага афармлення? Бакі ківаюць адзін на другога.

Вынікам праверкі стала прыцягненне службовай асобы і самой камунальнай арганізацыі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 21.6 (частка 3) КоАП РБ у выглядзе штрафу на суму ў 2226 дэнамінаваных рублёў, увод і прыёмка паводле нормаў заканадаўства і адлюстраванне на рахунках бухуліку гэтага будаўніча аб’екта коштам звыш 434000 дэнамінаваных рублёў.

Але гэта толькі прамежкавы вынік, бо ацэнка дзеянням мясцовага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, якое рэарганізавана праз далучэнне да ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Слонімскага раёна, будзе яшчэ дадзена.

С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *