Прафілактыка ўзнікнення захворванняў сэрца

Падзеі

Галоўнымі памочнікамі ў прафілактыцы ўзнікнення захворванняў сэрца будуць адэкватная фізічная нагрузка, здаровае рацыянальнае харчаванне, мінімізацыя стрэсавага ўплыву, адмова ад шкодных звычак і рэгулярныя медабследаванні. Захворванні сэрца і сасудаў могуць працякаць незаўважна, а таму ва ўзросце пасля сарака гадоў варта абследавацца штогод.

Звярніце  ўвагу на некалькі карысных і нескладаных рэчаў.

Фізічная нагрузка

Пры актыўных занятках спортам адбываецца насычэнне клетак і тканак кіслародам, узмацняецца кровазварот, умацоўваецца сардэчная мышца. Перавагу варта аддаць хадзе, бегу, лыжным прагулкам, яздзе на веласіпедзе. Той, хто не займаецца фізкультурай і спортам, павінен пачынаць з хады. Мінімальная нагрузка — 3 разы на тыдзень па 30 хвілін. Той, хто бегае, павінен прабягаць больш за 30-40 км за тыдзень. Аэробныя нагрузкі не адмяняюць гімнастыку ў хатніх умовах.

Харчаванне

Важна ўжываць дастатковую колькасць поліненасычаных тлустых кіслот і клятчаткі. А для гэтага трэба ўключыць у рацыён:

  • рыбу вараную або гатаваную на пары — 2-3 разы на тыдні;
  • авакада ў сырым выглядзе — 1-2 плады на тыдні;
  • льняны алей — 2 ст. л. на дзень;
  • арэхі — 6-8 штук на дзень;
  • грэцкую і аўсяную кашы, неачышчаны рыс.
  • Акрамя таго, гарбуз, часнок, капусту брокалі, суніцы, гранаты.

Антыстрэс

Стрэс наносіць магутны ўдар па сасудах. Сардэчна-сасудзістая сістэма наўпрост звязана з мозгам і гарманальнай сферай. Перажываем негатыўныя эмоцыі — страх, гнеў, раздражненне — значыць, сэрца будзе пакутаваць. Для прафілактыкі спазму сасудаў неабходна як мага часцей бываць на прыродзе, вучыцца спакойна ўспрымаць дробныя непрыемнасці, пакідаць думкі пра работу, прыходзячы дадому, слухаць расслабляльную музыку, шукаць усё, што дорыць пазітыўныя эмоцыі.

Шкодныя звычкі

Здаровыя сасуды не могуць быць у таго, хто курыць. Нікацін іх спазміруе і пашкоджвае сасудзістую сценку, у выніку чаго там лягчэй адкладаюцца атэрасклератычныя бляшкі. А празмернае ўжыванне алкаголю дапамагае зліпацца клеткам крыві, што павялічвае рызыку тромбаў, павышае нагрузку на сэрца. Алкаголь таксама спрыяе ўтварэнню бляшак. Таму максімальна скараціце ўжыванне алкаголю, а калі і ўжываеце, напрыклад, падчас банкета, то не забывайце піць паболей вады і есці больш свежай агародніны. Да шкодных звычак у гэтым выпадку можна аднесці і доўгае сядзенне перад тэлевізарам або за камп’ютарам.

Мераем ціск

Кожны чалавек павінен ведаць узровень свайго артэрыяльнага ціску. Высокія лічбы нельга збіваць лекамі, якія не прапісваў урач, а параіла суседка.

«Мераць ціск можна ў кабінеце даўрачэбнага прыёму, падчас наведвання ўрачоў розных спецыяльнасцяў і дома. Пажадана некалькі разоў за суткі —

раніцай, днём і ўвечары, у адзін і той жа час, на адной руцэ. Калі памералі на абедзвюх і лічбы аказаліся рознымі, мерайце далей на той, дзе ён вышэйшы».

У норме ціск не павінен перавышаць 140/90 мм рт. сл. Пры павышаных лічбах абавязкова звярніцеся да ўрача-тэрапеўта.

Перад вымярэннем нельга падвяргацца фізічнай нагрузцы; прыём ежы, уздзеянне холаду, курэнне трэба выдаліць; пажадана спакойна пасядзець цягам 5-10 хвілін.

Вызваліце руку ад адзення. Не закасвайце рукаў, бо гэта можа сціснуць руку і вымярэнне будзе недасканалым. Надзеньце манжэту на 2-3 см вышэй за ўзровень локцевага згібу, каб уваход трубкі размяшчаўся над ямкай. Зацягніце манжэту, якая павінна знаходзіцца на ўзроўні сэрца, шчыльна, але не туга. Расслабце мышцы рукі.

Зрабіце ліпідаграму

Для перасоўвання па арганізме халестэрыну неабходны спецыяльны «транспарт» — ліпапратэіны. Яны бываюць высокай шчыльнасці, нізкай і вельмі нізкай. Халестэрын, які знаходзіцца ў саставе двух апошніх відаў, лічыцца «дрэнным» — ён утварае бляшкі на сценках сасудаў. І наадварот, ліпапратэіны высокай шчыльнасці «сочаць» за чысцінёй сасудаў і перашкаджаюць утварэнню бляшак. Каэфіцыент (індэкс) атэрагеннасці паказвае суадносіны «дрэннага» халестэрыну да «добрага». Яго значэнне з’яўляецца важным паказчыкам абмену халестэрыну ў арганізме.

У норме:

  • Агульны халестэрын — менш за 5,0 ммоль/л.
  • Халестэрын ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці — менш за 3,0 ммоль/л.
  • Халестэрын ліпапратэінаў высокай шчыльнасці — больш за 1,0 (муж.), больш за 1,2 (жан.).
  • Каэфіцыент атэрагеннасці — 3-3,5 (чым вышэйшы гэты паказчык, напрыклад звыш 5, тым вышэйшая
  • рызыка развіцця атэрасклерозу, сасудзістых захворванняў сэрца, галаўнога мозга, канечнасцяў, нырак)

А.І. Гірык—раенны тэрапеут



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *