«Вы пазбаўлены бацькоўскіх правоў». Каго-небудзь гэтыя словы ўсё ж прымусяць задумацца: «Што я магу зрабіць? Як памяняць сваё жыццё, каб вярнуць не толькі бацькоўскія правы, але і любоў сваіх дзяцей?»
Гэты артыкул адрасуецца тым, хто хоча змяніць сваё жыццё і вярнуць дзяцей на выхаванне ў родную сям’ю. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў носіць бестэрміновы характар, але не з’яўляецца беспаваротным актам, калі бацькі (адзін з іх), пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, памянялі свае паводзіны, стыль жыцця і адносіны да выхавання дзіцяці. Напрыклад, вылечыліся ад алкагалізму, уладкаваліся на пастаянную работу, перасталі бадзяжнічаць. У такіх выпадках заканадаўца прадастаўляе чалавеку, які выправіўся, магчымасць аднавіцца ў бацькоўскіх правах. Варта ведаць, што аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца толькі ў адносінах да дзіцяці, якое не дасягнула паўналетняга ўзросту, паколькі напрамую завязана з яго выхаваннем.
Якія крокі неабходна зрабіць, каб аднавіць свае бацькоўскія правы?
Па-першае, бацькам неабходна ўхіліць прычыны, якія выклікалі сямейны недабрабыт і наступнае пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Калі гэта было з-за злоўжывання алкаголем або ўжывання наркотыкаў, неабходна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову і прайсці лячэнне ад алкагольнай або наркатычнай залежнасці. Аднак зрабіць гэта не для органа апекі і апекавання, які запытаў адпаведны дакумент, а для сваёй будучыні і будучыні свайго дзіцяці.
Калі прычынай пазбаўлення бацькоўскіх правоў стала працяглае беспрацоўе і адсутнасць матэрыяльных сродкаў для існавання — трэба ўладкавацца на пастаянную работу, бо стабільны штомесячны даход з’яўляецца гарантыяй таго, што дзеці будуць накормлены, апрануты, абуты. Таксама афіцыйнае працаўладкаванне з’яўляецца гарантыяй такіх мераў сацыяльнай падтрымкі, як аплата водпуску і лісткоў непрацаздольнасці.
Калі прычынай недабрабыту ў сям’і было бадзяжніцтва і пакіданне дзяцей без нагляду — трэба перагледзець свае погляды на жыццё, знайсці правільныя арыенціры, вызначыць для сябе месца жыхарства і кола значных людзей, якія пойдуць з вамі па жыцці.
Па-другое, нягледзячы на тое, што бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, яны могуць падтрымліваць стасункі з дзіцём. Гэта неабходна ў першую чаргу самому дзіцяці. Дзеці, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, перажываюць двайную жыццёвую траўму: з аднаго боку — негатыўны жыццёвы вопыт, з другога — сам факт разрыву з сям’ёй. Традыцыйныя прадстаўленні аб тым, што «дзеці маленькія і нічога не разумеюць», што «яны хутка ўсё забудуць», — памылковыя. Дзеці, як і дарослыя, адчуваюць боль страты блізкіх адносінаў, аднак у іх намнога менш магчымасцяў абараніцца, па сутнасці, толькі адна: старацца не думаць аб тым, што з імі здарылася.
Парушаныя адносіны паміж бацькамі і дзіцём з’яўляюцца сур’ёзнай траўмай і маюць сур’ёзныя наступствы для псіхічнага развіцця дзіцяці, фарміравання яго характару, асобы, прыводзяць да парушэнняў яго фізічнага, псіхічнага, эмацыянальнага развіцця. «Я нікому не патрэбны», «Я кепскі — мяне нельга любіць», «На дарослых нельга спадзявацца: яны кінуць цябе ў любы момант» — гэта высновы, да якіх у большасці выпадкаў прыходзяць дзеці, пакінутыя бацькамі. Каб змякчыць боль страты бацькоў, неабходна падтрымліваць эмацыянальную сувязь з дзіцём праз сустрэчы з ім. Калі дзіця знаходзіцца на выхаванні ў дзяржаўнай установе, наведваць яго можна, атрымаўшы дазвол у органах апекі і апекавання аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Калі дзеці выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях (апякунскай або прыёмнай сям’і, дзіцячым доме сямейнага тыпу), наведваць дзіця можна з дазволу апекуна, прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў. Калі не падтрымліваць стасункі са сваімі дзецьмі, сувязь з імі можа быць страчана назаўжды, і аднаўленне ў бацькоўскіх правах будзе немагчымым.
Аднак ёсць адна значная ўмова пры наведванні дзіцяці: вашы сустрэчы павінны быць на карысць вашаму дзіцяці, а не наадварот. Калі знаходжанне дзіцяці з бацькамі небяспечнае для яго жыцця і здароўя або сустрэчы шкодзяць псіхалагічнаму стану дзіцяці (яно адчувае моцнае нервова-псіхічнае напружанне, дэманструе неадэкватныя паводзіны, становіцца эмацыянальна неўраўнаважаным), значыць вы выбралі няправільны падыход да яго і не клапоціцеся пра яго дабрабыт. У гэтым выпадку ў інтарэсах дзіцяці органы апекі і апекавання маюць права забараніць такія сустрэчы.
Сям’я аказвае рашаючы ўплыў на развіццё асобы дзіцяці, закладвае падмурак чалавечых якасцяў. І каб гэты падмурак быў моцным, сям’я павінна быць надзейнай. Усё ў вашых руках.
В. ЛАМАКА,
педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра