Кнігі, якія вас зацікавяць

Падзеі

Дзятлаўская раённая бібліятэка прапануе сваім чытачам самыя розныя кніжныя навінкі як для сур’ёзнага, так і для лёгкага чытання.

Для тых, хто хоча быць у “літаратурным трэндзе”, спяшаемся парэкамендаваць намінанта прэміі “Вялікая кніга-2015” Яхіну Гузель з кнігай “Зулейха расплюшчвае вочы”. Гісторыя жанчыны, адной з мільёнаў раскулачаных. Зулейха – татарка, не бачыла за сваё жыццё нічога добрага і светлага, была выслана сярод іншых у Сібір на верную смерць і выжыла. Але ў першую чаргу кніга – пра жанчыну, каханне, мацярынства, і толькі потым – пра рэпрэсіі. Каларыту тэксту дадаюць апісанні нацыянальнага татарскага побыту, менталітэту.

У нашай бібліятэцы вы зможаце пазнаёміцца з кнігай Люсі Кларк “Адзіны ўздых”. Чым больш мы хочам даведацца пра сваіх блізкіх, тым больш часам раскайваемся ў тым, што адкрылі іх сакрэты. Калі трагічна гіне Джэксан, муж Евы, яна вырашае знайсці суцяшэнне ў яго сям’і ў далёкай Аўстраліі. Аднак там яе чакае цяжкае выпрабаванне. Ева даведваецца ўсё новыя і новыя дэталі аб ранейшым жыцці свайго каханага, і з гэтых дэталяў складваецца вобраз зусім не таго чалавека, якога яна ведала і кахала.

Сярод навінак замежнай літаратуры варта згадаць новы раман Блейка Краўча “Пастка. Занесеныя снегам”. І Уіл, і Дзеўлін лічылі, што іх жонка і маці загінула, што ранейшае шчаслівае жыццё скончылася назаўжды. Але праз пяць год у іх доме з’явілася жанчына, былы агент ФБР, якая дала ім надзею знайсці Рэйчэл ці хаця б даведацца, што з ёй здарылася.

У гэтым годзе колькасць папулярных аўтараў узрасла, і Дэн Браўн заслужана ўваходзіць у гэты спіс, яго кнігі чытаюцца першымі. Прадстаўляем вашай увазе яго інтэлектуальны трылер “Інферна”. Апынуўшыся ў самым загадкавым горадзе Італіі – Фларэнцыі, прафесар Лэнгдан, спецыяліст па кодах, сімвалах і гісторыі мастацтва, нечакана трапляе ў вір падзеяў, здольных прывесці да гібелі ўсё чалавецтва. І перашкодзіць гэтаму можа толькі разгадка таямніцы, некалі зашыфраванай Дантэ ў радках несмяротнай эпічнай паэмы.

Выбіраючы для чытання гэтыя кнігі, вы не памыліцеся. Усе яны – жыццёвыя, глыбокія гісторыі, галоўнай тэмай якіх з’яўляецца тэма сям’і, кахання, сямейных узаемаадносінаў і чалавечых лёсаў. Мы спадзяёмся, што гэтыя і многія іншыя кнігі знойдуць сваіх чытачоў у нашай бібліятэцы.

Г. ПАСЮК,
бібліятэкар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *