Група NAVIBAND, прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2017», адпраўляецца ў прома-тур, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Так, 25-26 сакавіка NAVIBAND і здымачная група Белтэлерадыёкампаніі прымуць удзел у pre-party «Еўрабачання» ў Рызе. Традыцыйна вечарынка, арганізаваная фанатамі папулярнага песеннага конкурсу, становіцца адной з першых, дзе канкурсанты з розных краін могуць пазнаёміцца, а таксама паразмаўляць з журналістамі міжнародных СМІ.
Затым 3-6 красавіка Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук адправяцца ў Тэль-Авіў, дзе таксама на прома-мерапрыемстве прадставяць песню «Гісторыя майго жыцця». Дарэчы, канкурсанты з Беларусі і Ізраіля выступаюць у адным паўфінале 11 мая, і гэта вечарынка паслужыць своеасаблівай узаемападтрымкай прадстаўнікам дзвюх краін. Вечарынка ў Ізраілі ў гэтым годзе пройдзе ў другі раз.
А ўжо 7-9 красавіка NAVIBAND і здымачная група Агенцтва тэленавін будуць у Амстэрдаме, дзе прымуць удзел у традыцыйным «Канцэрце «Еўрабачанне». Вялікае еўрапейскае прома-мерапрыемства ў Нідэрландах пройдзе ўжо дзявяты раз. Тут сустрэнуцца практычна ўсе ўдзельнікі маючага адбыцца песеннага шоу, і «Гісторыя майго жыцця» будзе прэзентавана яшчэ больш шырокай тусоўцы. Вечарынка ў Амстэрдаме лічыцца самай вялікай прома-падзеяй напярэдадні «Еўрабачання». Афіцыйныя прадстаўнікі краін-удзельніц змогуць пазнаёміцца, выканаць свае конкурсныя кампазіцыі, паразмаўляць з журналістамі, якія актыўна асвятляюць папулярны песенны форум, і, вядома ж, сустрэцца з самымі вернымі фанатамі «Еўрабачання» з усёй Еўропы.
Фінал міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2017» адбудзецца ў Кіеве 13 мая, паўфіналы — 9 і 11 мая. Група NAVIBAND выступіць у другой частцы другога паўфіналу. Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі — «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24».
БелТА