Ці трэба, каб дом быў разумны?

Падзеі

Пра паслугу “Разумны дом” ад кампаніі “Белтэлекам”, даступную цяпер і дзятлаўчанам, коратка, па-сутнасці, раённая газета ўжо пісала. Аднак жаданне жыхароў Дзятлаўшчыны дасканала разабрацца ва ўсіх дэталях тэхнічнай навінкі засталося. Унікнуць, для чаго і навошта “Белтэлекам” спрабуе зрабіць нашы дамы і кватэры хоць крыху разумнымі, дапамог начальнік Дзятлаўскага вузла электрасувязі Пётр Сокал.

 — Пётр Палікарпавіч, з’яўленне паслугі “Разумны дом” дыктуе сучасны свет?

— Давайце паразважаем. Чалавек усёй сваёй сутнасцю імкнецца стварыць вакол сябе камфорт. Сёння рэдкая гаспадыня мые бялізну рукамі – з гэтым спраўляецца яе памочніца пральная машына. На кухні мультыварка сама смажыць-варыць, яшчэ і падагравае прыгатаваную страву. Гаспадар каля тэлевізара адчувае сябе царскай асобай: націснуў на пульце пару кнопачак – і вось табе любімы футбол, а калі падключыў інтэрактыўнае тэлебачанне, дарэчы, таксама паслугу “Белтэлекам”, дык яшчэ і ўчарашні матч паглядзеў. І ўсё гэта, не ўстаючы з месца. Заўважце, размова ідзе пра бытавыя зручнасці, якія аблягчаюць нам жыццё, а паслуга “Разумны дом”, акрамя спрашчэння некаторых хатніх зручнасцяў, яшчэ клапоціцца і пра бяспеку жылля, адпаведна, пра наш душэўны спакой.

 — Якім чынам ажыццяўляецца бяспека дома?

— Пры падключэнні паслугі абанент атрымлівае ў карыстанне кантролер, які ўмее выходзіць у інтэрнэт і акумулюе працу ўсіх сэнсараў, а таксама тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў. Датчыкі адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў выглядаюць як пластыкавыя брусочкі, устаноўка якіх спрашчаецца тым, што яны намагнічваюцца, і іх можна проста павесіць на металічную частку аконнай рамы або дзвярэй. Прынцып работы датчыка яшчэ прасцейшы, чым устаноўка. Калі хтосьці адчыніў дзверы або акно, дзве паловы сэнсара разамкнуліся, зачыніў – зноў злучыліся. Кожнае дзеянне фіксуецца, а інфармацыя аб ім перадаецца абаненту. Датчык дыму, як зразумела, улоўлівае задымленне. Адпаведна, устанаўліваць яго варта ў месцы з павышанай рызыкай узгарання чаго-небудзь. На мой погляд, максімальная карысць ад яго на кухні або ў памяшканнi, дзе знаходзяцца электрапрыборы, якія пастаянна працуюць. Апошні датчык з базавага набору ўмее адсочваць рух. Як жартуюць часта ў нашым прыярытэтна мужчынскім калектыве вузла сувязі, “калі ў вашу адсутнасць у дом пракралася цешча, вы даведаецеся пра гэта першым”. Датчык руху зафіксуе ўсе перамяшчэнні нечаканага госця. Зноў-такі, замацаваць датчык даволі проста: ён мае магнітнае “пуза” і асобную магнітную падкладку. Прымацавалі да дзвярнога вушака, а следам пад патрэбным вуглом прыляпілі сэнсар – і усё пад кантролем.

 — Вы расказалі толькі пра асноўныя датчыкі, але некаторыя абаненты, з якімі мне давялося сустракацца, лічаць, што не менш цікавыя прылады – гэта відэакамера і разумная разетка, якія не ўваходзяць у базавы камплект.

— Так, у “Разумнага дома” ёсць дадатковае абсталяванне. Па неабходнасці, абанент можа атрымаць пажаданую колькасць дадатковых датчыкаў задымленасці, руху і адкрыцця дзвярэй/вокнаў, а таксама іншыя прылады: відэакамеру, сірэну, разумную разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, датчыкі працякання вады. Што чалавека больш хвалюе, напрыклад, працяканне пральнай машыны, небяспечнае парушэнне работы электрапрыбораў, кантроль пры дапамозе відэакамеры за непаўналетнім дзіцём, якое прыйшло са школы, такія дадатковыя датчыкі ён і ўстанаўлівае. Плануецца ў бліжэйшы час прадстаўляць у карыстанне такія жыццёва неабходныя датчыкі, якія будуць паведамляць аб перавышэнні нормы чаднага газу, прысутнасці ў паветры прыроднага ці звадкаванага газу.

 — На якіх умовах можна заказаць дадатковы камплект?

— Калі абанент заключыў дагавор на базавы камплект “Разумнага дома”, а гэта кантролер і тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў, ён мае права заказаць любыя дадатковыя прылады. За карыстанне базавым камплектам налічваецца штомесячная абаненцкая плата. Да яе дадаецца плата за кожную адзінку дадатковага пакета.

 — Пётр Палікарпавіч, якім чынам абанент атрымлівае інфармацыю з датчыкаў?

— На ўласны мабільны тэлефон або планшэт з аперацыйнай сістэмай Android (версія 4.2.2 або больш позняй версіі) або iOS, падключаны да сеткі Інтэрнэт ад любога аператара. Дарэчы, абанент можа не проста атрымліваць інфармацыю з датчыкаў, але і наладзіць сцэнарый падзеяў пад свае індывідуальныя патрэбы. Напрыклад: пры спрацоўванні датчыка руху актывізуецца запіс камеры назірання; пры з’яўленні задымленасці спрацуе сірэна; пры павышэнні тэмпературы ў памяшканні вышэй зададзенага парога можна запраграмаваць адключэнне разеткі і многае іншае. Ведаю нават гаспадыню, якая ў разумную разетку ўключыла электрачайнік, а па сцэнарыі прапісала, што пры адчыненні ўваходных дзвярэй павінна ўключыцца разумная разетка. Так, пакуль гаспадыня, прыйшоўшы дадому, распранецца і памые рукі, у яе ўжо вада ў чайніку закіпае. Зразумела, чалавек не заўсёды мае пакдлючэнне да Інтэрнэту анлайн, таму «Разумны дом» прадугледжвае адпраўку смс-паведамлення на мабільны тэлефон у выпадку ўключэння сцэнарыя.

 — Ці дапамогуць спецыялісты Дзятлаўскага вузла электрасувязі будучым абанентам разабрацца, правільна падключыць, наладзіць паслугу “Разумны дом”?

— Абавязкова. Спецыялісты сэрвiснага цэнтра «Белтэлекам» любому, хто зацікавіцца “Разумным домам”, растлумачаць усе нюансы паслугі, зарыентуюць у дадатковых прыладах, пратэсціруюць мабільнае ўстройства або планшэт на падтрымку спецыяльнай праграмы, пакажуць наглядна датчыкі (на вузле электрасувязі створаны адпаведны стэнд). Кантактныя тэлефоны: спецыялістаў 2-26-93, тэхнічнай падтрымкі 123 (кругласутачна, званок у сетцы “Белтэлекам” бясплатны). Дадаткова пра паслугу можна даведацца на сайце www.beltelecom.by.

Гутарыла І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *