Ажыццявіла мару дзяцінства

Падзеі

У скарбонцы ўзнагародаў былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Надзеі Міхайлаўны Абрамчык — Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі БССР, шэраг абласных і раённых узнагародаў. Надзея Міхайлаўна — прадстаўніца педагагічнай дынастыі. Работа ў школе стала для яе прызваннем, натхненнем душы.

За час прафесійнай дзейнасці Надзея Міхайлаўна выхавала не адно пакаленне вучняў, якія сталі годнымі людзьмі. Мінула шмат гадоў, а яны памятаюць, паважаюць і любяць сваю настаўніцу. Нядаўна яна адсвяткавала свой юбілейны дзень нараджэння. Мы папрасілі Надзею Міхайлаўну падзяліцца ўспамінамі.

— Чаму выбралі прафесію настаўніка?

— У нашай вёсцы была пачатковая школа, дзе настаўніцай працавала Вера Іванаўна Ермалаева. Для нас, дзяцей, яна была эталонам прыгажосці. Да таго ж, сярод вяскоўцаў прафесія настаўніка лічылася самай прэстыжнай, усе марылі аб ёй. А з нашай сям’і выйшла дынастыя педагогаў: дзве мае сястры, швагер, мая дачка, пляменнік.

— Цяжка было вучыцца?

— Складана, але гэта таго варта. Вывучалі паліталогію, філасофію, стараславянскую мову. Трэба было шмат чытаць.

— Ці памятаеце свой першы ўрок?

— Першыя ўрокі — самыя складаныя і адказныя. Было і хваляванне, і страх, але ўсё праходзіць з вопытам. Калі да працы адносіцца адказна, то і вынік буде добры.

— Вашы вучні памятаюць вас як строгага і патрабавальнага педагога. Ці памятаеце вы сваіх вучняў?

— Усе мае вучні былі стараннымі, адказнымі, спартыўнымі. Слабейшыя — раўняліся на мацнейшых. Не магу паскардзіцца ні на адзін выпуск. Кожны быў па-свойму цудоўны. Мы і цяпер сустракаемся на вечарах-сустрэчах. Яны наведваюць мяне, тэлефануюць, цікавяцца пра маё жыццё. Я пра кожнага ведаю, дзе ён, чым займаецца.

— Як лічыце, праца настаўніка цяжкая ?

— Бясспрэчна, прафесія настаўніка нялёгкая. Гэта і бяссонныя ночы, і гадзіны, праведзеныя за праверкай сшыткаў. Але яна і пачэсная, бо ў нашых руках — сэрцы нашых вучняў, ад нас залежыць, якімі людзьмі яны вырастуць.

— А чаму вы дазволілі сваёй дачцэ стаць настаўніцай?

— Раіла ёй падумаць, не спяшацца прымаць рашэнне, але яна ўсё роўна выбрала такі шлях.

— Калі была б такая магчымасць, вы змянілі б сваё мінулае?

— Нічога не мяняла б. Выбрала б тую ж прафесію, пражыла б сваё жыццё яшчэ раз.

— А якія тры жаданні загадалі б?

— Хачу, каб усе былі здаровыя, каб на Зямлі быў мір, каб людзі былі дабрэйшыя.

І. ДЗЕДАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *