У бягучым годзе на рэканструкцыю і будаўніцтва аб’ектаў адукацыі плануецца накіраваць больш за 13 мільёнаў рублёў. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сангін на выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі.
– Вынікі 2016 года сістэму адукацыі Гродзеншчыны не могуць не радаваць. Па шэрагу пазіцый мы дасягнулі пэўных станоўчых вынікаў. Разам з тым адразу ж адзначу, што літаральна па кожным напрамку ёсць над чым працаваць. Таму ў гэтым годзе тэмп змяншаць не будзем, – адзначыў Аляксандр Сангін.
Удзел у рабоце калегіі прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.
Завяршылася выніковая калегія ўзнагароджаннем пераможцаў абласнога конкурсу сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама установаў адукацыі на лепшую арганізацыю работы. Былі ўручаны ўзнагароды і пераможцам рэспубліканскай і абласной спартакіядаў школьнікаў.
ЗА ПЕРАМОГУ – ГРАМАТА МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ
Па выніках працы ў 2016 годзе ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама прызнана лепшым у краіне.
Перамога ўпершыню заваявана па выніках працы ўсёй сістэмы адукацыі вобласці. Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за перамогу ў намінацыі “Лепшае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама” ўручыў начальніку ўпраўлення Аляксандру Сангіну міністр адукацыі Ігар Карпенка.
– Мінулы год для сістэмы адукацыі вобласці быў выніковым, – распавёў Аляксандр Сангін. – Асноўныя намаганні былі накіраваны на забеспячэнне даступнасці, якасці адукацыі, максімальную занятасць непаўналетніх, аптымізацыю расходаў у галіне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Былі пабудаваны і рэканструяваны сем буйных аб’ектаў: яслі-сад у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна, спальны корпус дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна” ў Смаргонскім раёне, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Кастрычніцкім раёне Гродна і Навагрудскім раёне, абноўленыя яслі-дзіцячыя сады ў Гродне і Ашмянах, харчаблок у гімназіі № 10 горада Гродна.
Цяпер у рэгіёне вядзецца будаўніцтва трох дзіцячых садоў (двух у Гродне і аднаго ў Астраўцы), у бягучым годзе запланавана пачаць будаўніцтва яшчэ двух – у Наваградку і Шчучыне, вядзецца праектаванне дзіцячага садка ў Лідзе.
Гродзеншчыне ўдалося вярнуць лідзіруючую пазіцыю па цэнтралізаваным тэсціраванні.
Па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды вобласць заняла 2-е месца, саступіўшы толькі Мінску.
Па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”