Вёску Зарой наведалі артысты

Падзеі

23 лютага мабільная брыгада работнікаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці скіравалася на ўскраіну Дзятлаўскага раёна ў вёску Зарой. Артысты прыехалі павіншаваць вяскоўцаў з Днём абаронцаў Айчыны, Масленіцай і надыходзячым жаночым святам.

Святочны канцэрт адбыўся на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы на адной з вясковых вуліц. Свае лепшыя песні жыхарам Зароя прывезлі Марына Варган, Улад Ракуць, Ірына Бакшук, Ганна Харлінская.

Перад прысутнымі выступіла старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых. Яна павіншавала ўсіх са святамі і папрасіла найперш не забывацца пра дабрыню і спагаду да сваіх суседзяў і аднавяскоўцаў. Яна ўзгадала, што ў вёсцы Зарой шмат людзей, цяперашніх пенсіянераў, якія ўсё сваё жыццё аддана працавалі ў сельскай гаспадарцы, сваёй працай заслужылі гонар і павагу. Сярод іх – гаспадыня дома ўзорнага парадку Вера Фёдараўна Падліпская і яе муж Анатоль Іванавіч, калісьці вядомы на ўвесь раён механізатар. Яны таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. Больш за 50 гадоў таму сям’я прыехала ў Зарой з Лезнявічаў і абаснавалася тут. Гаспадар і гаспадыня свой дом і падворак утрымліваюць у належным стане падтрымліваюць, невялікі агарод садзяць, ёсць невялічкая гаспадарка. Раней, кажа жанчына, трымалі карову і каня, але цяпер сілаў не хапае на такія клопаты.

— Душа просіцца танцаваць, шкада, што ногі не дазваляюць, – праз усмешку ўздыхае Вера Фёдараўна.

Пакуль ішла сустрэча, карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў мясцовых жыхароў пра іх жыццё, клопаты і пажаданні.

Сяргей Адамавіч Раманюк:

— Вядома, асноўныя клопаты вяскоўцаў звязаны з зямлёй. Людзі маюць свае прысядзібныя ўчасткі, садзяць соткі па тры – бульбы, невялікі агарод. Гаспадарка “Граніт-Агра”, дзе я і аднавяскоўцы працуем, не адмаўляе ў дапамозе, выдзяляе тэхніку для сельгасработ. Аднак для пенсіянераў, якіх тут пераважная большасць, было б добра, каб у вёсцы быў свой конь. Не трэба было б пазычаць у суседніх вёсках для палявых работ. Тым больш, што і даглядаць яго ёсць каму, і належны хлеў для жывёліны можна знайсці.

Ганна Аляксандраўна Хатчанка:

— На гандлёвае абслугоўванне не скардзімся: аўтамагазін прыязджае да нас рэгулярна, тры разы на тыдзень. Асартымент таксама задавальняе: усе неабходныя да стала прадукты ёсць, а калі замовіць, дык і торт да свята прывязуць. Раз на месяц работнікі спажывецкай кааперацыі прыязджаюць да нас прымаць шкло. Няблага было б, каб яшчэ па анучы прыязджалі, якіх у вяскоўцаў ужо назапасілася.

Тамара Паўлаўна Каласоўская:

— Дзякуй, што нас не забываюць, наведваюць з канцэртамі артысты. Усім вяскоўцам вельмі спадабалася, калі прыязджаў калектыў “Прымакі”. І сёння, слухаючы песні, згадваю сваю маладосць, калі сама разам з мужам актыўна ўдзельнічала ў самадзейнасці: я іграла на мандаліне, а муж – на гармоніку.

Вяскоўцы праводзілі артыстаў з удзячнасцю і добрым настроем, узяўшы з іх абяцанне прыехаць яшчэ на свята вёскі, калі на лета пенсіянеры вернуцца ў Зарой ад сваіх дзяцей, а надвор’е будзе больш лагоднае.

Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *