Пры праверцы Камітэтам дзяржаўнага кантролю пытанняў, звязаных з выкананнем заканадаўства ў галіне будаўнічай дзейнасці, вельмі часта выяўляюцца парушэнні патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў і праектнай дакументацыі.
З 4 красавіка 2016 года ўступілі ў сілу змены ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — КоАП), якія прадугледжваюць штраф у памеры ад двух да дзесяці базавых велічыняў на службовую асобу заказчыка, забудоўшчыка, падрадчыка ў будаўнічай дзейнасці або індывідуальнага прадпрымальніка, які з’яўляецца заказчыкам або падрадчыкам у будаўнічай дзейнасці, за падпісанне акта здачы-прыёмкі будаўнічых, спецыяльных, мантажных работ (далей — акт), выкананых з парушэннем патрабаванняў праектнай дакументацыі і тэхнічных нарматыўных прававых актаў (частка 5 артыкула 21.6 КоАП).
З боку заказчыка і падрадчыка на акце свае подпісы ставяць некалькі службовых асобаў.
На першым этапе прараб або майстар завярае на акце сваім подпісам фізічныя аб’ёмы работ, выкананыя падрадчыкам за разліковы перыяд. Затым прадстаўнік тэхнічнага нагляду (прадстаўнік заказчыка) пасля праверкі аб’ёмаў і якасці выкананых будаўніча-мантажных работ і іх адпаведнасці праектнай дакументацыі зацвярджае на акце сваім подпісам дакладнасць выкананых падрадчыкам работ.
На другім этапе для канчатковага разліку сумы выкананых будаўніча-мантажных работ акт перадаюць інжынеру вытворча-тэхнічнага аддзела падраднай арганізацыі, які ў адпаведнасці з зацверджанай Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь методыкай цэнаўтварэння ў будаўніцтве робіць канчатковыя разлікі і зацвярджае іх правільнасць сваім подпісам, пры гэтым, маючы прадастаўленыя паўнамоцтвы, распісваецца ў адпаведнай графе “Здаў падрадчык” або перадае акт на подпіс кіраўніку падраднай арганізацыі. Пасля падпісаны акт перадаецца заказчыку на канчатковую праверку ўсіх разлікаў, а затым пацвярджэння правільнасці разлікаў упаўнаважаная службовая асоба або кіраўнік заказчыка распісваецца ў графе “Прыняў заказчык”.
Службовыя асобы, непасрэдна вінаватыя ў парушэнні патрабаванняў праектнай дакументацыі і тэхнічных нарматыўных прававых актаў, і тыя, хто падпісвае акт на першым этапе, падстаўляюць пад адміністрацыйную адказнасць не толькі сябе, але і сваіх калегаў, якія падпісваюць акт на другім (канчатковым) этапе.
Па выніках праведзеных Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ў 2016 годзе кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў за парушэнні ў галіне будаўнічай дзейнасці да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты 35 суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці і 62 службовыя асобы.
А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці