Пра пенсіі і страхавы стаж

Падзеі

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама часта звяртаюцца грамадзяне, каб атрымаць кансультацыі наконт пенсій па ўзросце. На самыя актуальныя пытанні жыхароў раёна адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Міхайлаўна Навічэнкава.

Пытанне: яшчэ працую, аднак у 2017 годзе ў мяне надыходзіць пенсійны ўзрост. З чаго пачынаць афармленне дакументаў?

Адказ: абавязак па падрыхтоўцы дакументаў, неабходных для назначэння пенсій грамадзянам, якія працуюць, ускладзены на наймальніка па месцы апошняй работы. З мэтай запатрабавання дакументаў, неабходных для назначэння пенсіі, у тым ліку аб стажы і заробку, прадстаўнік наймальніка, адказны за падрыхтоўку пенсійных дакументаў, абавязаны папярэдне (на працягу года да набыцця работнікам права на пенсію) накіраваць адпаведныя запыты. Вы таксама можаце прыняць удзел у зборы неабходных для назначэння пенсіі дакументаў.

Пытанне: што рабіць, калі звесткі аб заработнай плаце да 2003 года не захаваліся?

Адказ: згодна з заканадаўствам, памер заработнай платы за перыяды работы да 1 студзеня 2003 года пацвярджаецца даведкай, якая выдаецца наймальнікам, яго правапераемнікам, архівам або органам, які здзяйсняе дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, у залежнасці ад таго, дзе захоўваюцца бухгалтарскія дакументы. Работнік, для якога звесткі аб памеры заробку маюць істотнае значэнне ў сувязі з назначэннем пенсіі, пры адсутнасці іншай магчымасці атрымання дакументаў, якія пацвярджаюць памер налічанай і выплачанай заработнай платы (факт і прычыны адсутнасці такіх дакументаў павінны быць пацверджаны дакументальна), мае права звярнуцца ў суд з заявай аб устанаўленні факта атрымання ім заработнай платы за канкрэтны перыяд у вызначаным памеры.

Пытанне: ці прадугледжана якая-небудзь адказнасць наймальніка за несвоечасовае афармленне дакументаў для назначэння пенсіі работніку?

Адказ: заканадаўствам прадугледжана адказнасць наймальніка за своечасовасць і паўнату афармлення дакументаў для назначэння пенсій і дакладнасць звестак, якія ў іх змяшчаюцца. Так, артыкулам 76 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» на наймальніка ўскладзены абавязак своечасова афармляць дакументы аб стажы работы, заробку і выніках атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы, неабходныя для назначэння пенсіі, і своечасова прадастаўляць іх ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Згодна з названым артыкулам, наймальнікі ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам за страты, нанесеныя несвоечасовым і няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для назначэння і пераразліку пенсіі, а таксама прадастаўленнем дакументаў, якія змяшчаюць недакладныя звесткі.

Пытанне: які страхавы стаж неабходны для назначэння працоўнай пенсіі?

Адказ: да 2014 года мінімальны перыяд фарміравання права на працоўную пенсію складаў 5 гадоў. Гэта значыць, для назначэння пенсіі па ўзросце дастаткова было адпрацаваць з уплатай абавязковых страхавых узносаў толькі 5 гадоў. Калі ў чалавека недастаткова было страхавога стажу, то па дасягненні пенсійнага ўзросту назначалася сацыяльная пенсія. Ва ўмовах росту патрэбы ў пенсійных сродках у Беларусі былі вымушаны пайсці на павышэнне мінімальнага страхавога стажу. У 2014 годзе ён быў павялічаны да 10 гадоў.
8 снежня 2014 года прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння».

З 1 студзеня 2015 года мінімальны стаж работы для назначэння пенсіі па ўзросце і пенсіі за выслугу гадоў павялічаны з 10 да 15 гадоў работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Папярэднія патрабаванні па страхавым стажы захаваны для назначэння пенсій па інваліднасці, па выпадках страты кармільца. Таксама папярэднія ўмовы па мінімальным 5-гадовым стажы работы з выплатай абавязковых узносаў у бюджэт Фонду захаваюцца для назначэння пенсій па ўзросце для бацькоў інвалідаў з дзяцінства, шматдзетных маці, інвалідаў з дзяцінства і іншых (артыкулы 17-22 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні»).

Змяніліся ўмовы для назначэння сацыяльнай пенсіі грамадзянам, якія не выпрацавалі мінімальны (15-гадовы, а для асобных катэгорый — 5-гадовы) страхавы стаж і не атрымліваюць пенсію з іншых дзяржаваў, згодна з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння. Такая пенсія будзе назначацца мужчынам пасля дасягнення ўзросту 65 гадоў, жанчынам — 60 гадоў. Пры гэтым для сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў з дзяцінства, і дзяцей у выпадку страты кармільца) захоўваюцца папярэднія ўмовы назначэння сацыяльнай пенсіі.

Права на працоўную пенсію са студзеня 2016 года было прадастаўлена пры наяўнасці стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва не менш за 15 гадоў і 6 месяцаў. Адпаведная норма ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №534 ад 31 снежня 2015 года «Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння». Акрамя таго, з 1 студзеня 2017 года названы стаж работы штогод будзе павялічвацца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў у 2025 годзе. У 2017 годзе мінімальны страхавы стаж — 16 гадоў.

Пытанне: ці ўваходзяць у страхавы стаж перыяды службы ў арміі, а таксама вучоба на дзённай форме?

Адказ: вайсковая служба, перыяды навучання на дзённай форме ва ўстановах адукацыі ў страхавы стаж для назначэння права на працоўную пенсію па ўзросце не залічваюцца, паколькі ваеннаслужачыя, навучэнцы дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню не належаць і не належалі ў перыяд СССР. Пры наяўнасці права на працоўную пенсію ваенная служба ва Узброеных Сілах былога СССР і Рэспублікі Беларусь, перыяд навучання залічваюцца ў стаж для вызначэння памеру пенсіі.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *