У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся раённы этап конкурсу «Сэрца зямлі маёй», арганізатарам якога выступіў раённы камітэт грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Адкрыў праграму ансамбль барабаншчыкаў з гімназіі №1 горада Дзятлава.
За званне лепшых вакалістаў, дуэтаў і песенных калектываў паспрачаліся канкурсанты са школ горада Дзятлава і раёна.
«Журыла» вакалістаў кампетэнтная камісія ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Калодка, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Шыцько, старшыня райкама ГА «БРСМ» Кацярына Хілімончык, намеснік дырэктара Дзятлаўскага Цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасія Голуб.
Пераможцы конкурсу былі вызначаны ў дзвюх намінацыях. Лепшым салістам-вакалістам стала Аліна Цярэшка з Казлоўшчынскай сярэдняй школы з песняй «Абеліск», прыз глядацкіх сімпатый атрымалі Вікторыя Дубовік (Казлоўшчынская СШ), Юлія Салаш (СШ №3 горада Дзятлава). Лепшай вакальнай групай прызнаны дуэт Анастасіі Аніскевіч і Эльвіры Задзярэй з Гезгалаўскай сярэдняй школы з кампазіцыяй «Мая краіна Беларусь».
Тэкст і фота Н. Авярчук