Пытанні аб тым, якую дапамогу павінны атрымліваць ветэраны-удзельнікі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, пра аб’ём ветэранскіх ільготаў застаюцца актуальнымі ў наш час. На гэту важную тэму журналістка гутарыць з вядучым спецыялістам па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцінам Абухавым.
— Валянцін Аляксеевіч, ці звяртаюцца ў ваенны камісарыят нашы воіны-інтэрнацыяналісты з пытаннямі, звязанымі з тэмай ільготаў?
— Так, і аналіз гэтых зваротаў паказвае, што людзі часам нават не здагадваюцца пра тое, што ім належыць па праву. Між тым у нашай краіне такая катэгорыя грамадзян, як воіны-інтэрнацыяналісты карыстаецца шматлікімі льготамі. Напрыклад, для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, якія не з’яўляюцца інвалідамі, не атрымалі раненні, кантузіі або калецтва, дзейнічаюць 11 розных ільготаў, а для ветэранаў, якія мелі раненні, пералік ільготаў шырэйшы, іх 26. Дапамогу ад дзяржавы атрымліваюць не толькі інваліды і ветэраны баявых дзеянняў, але і члены сем’яў загінулых вайскоўцаў: іх бацькі, жонкі, якія не ўступілі ў новы шлюб, дзеці.
— Колькі ветэранаў-інтэрнацыяналістаў жыве ў Дзятлаўскім раёне?
— Усяго 146 ураджэнцаў Дзятлаўшчыны прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаваў, з іх цяпер на тэрыторыі раёна жыве 79 чалавек.
— Сярод іх ёсць інваліды баявых дзеянняў?
— Два чалавекі маюць статус інваліда баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, а 77 – ветэрана баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Грамадзян, якія атрымалі раненні, кантузіі або калецтва ў перыяд вядзення баявых дзеянняў і не маюць інваліднасці, няма.
— Валянцін Аляксеевіч, раскажыце падрабязней пра сацыяльныя льготы, правы воінаў-інтэрнацыяналістаў.
— Па-першае, павышэнне памераў пенсій і льготнае падаткаабкладанне. Пенсіі, назначаныя ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, ваеннаслужачым, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, павышаюцца на 250 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. З 1 лютага 2017 года гэта сума складае 112,58 рубля. Што датычыцца падаткаабкладання, з 1 студзеня 2017 года штомесяц падаходны падатак для названай катэгорыі грамадзян памяншаецца на 17,03 беларускіх рубля, паколькі сума ў памеры 131 беларускага рубля ад заработнай платы не абкладваецца падаткам. Немалаважная тэма – жыллё. Згодна з заканадаўчымі актамі грамадзяне Рэспублікі Беларусь з ліку ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў маюць права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, таксама на атрыманне аднаразовых субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Аднак у пытанні жыллёвых гарантый, ільготаў трэба разбірацца індывідуальна ў кожным выпадку, паколькі ёсць абавязковыя дадатковыя ўмовы для іх атрымання, напрыклад, склад сям’і, сукупны даход сям’і і іншае. Такія дадатковыя ўмовы прадугледжаны і на права атрымання сацыяльнага жылля.
— Якія гарантыі прадугледжаны дзяржавай для дадзенай катэгорыі грамадзян?
— Што датычыцца гарантый, звярну ўвагу на наступныя: недапушчальнасць высялення воінаў-інтэрнацыяналістаў з жылога памяшкання ў інтэрнаце без прадастаўлення іншага жылога памяшкання; карыстанне пры выхадзе на пенсію арганізацыямі аховы здароўя, да якіх яны былі прымацаваны ў перыяд работы (службы); выкарыстанне працоўнага водпуску ў летні або іншы зручны для іх час, а таксама прадастаўленне воінам-афганцам на працягу каляндарнага года кароткачасовага адпачынку без захавання заработнай платы працягласцю да 14 каляндарных дзён у перыяд, узгоднены з наймальнікам; пры роўнай прадукцыйнасці працы і кваліфікацыі пераважнае права на пакіданне на працы пры скарачэнні колькасці або штата аддаюць ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў; выплата спецыяльных стыпендый ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, калі яны з’яўляюцца студэнтамі ўстановаў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі; пазачарговае карыстанне ўсімі відамі паслугаў сувязі, культурных і спартыўна-аздараўленчых арганізацый, набыццё білетаў на ўсе віды транспарту, ільготнае абслугоўванне арганізацыямі рознічнага гандлю і бытавога абслугоўвання.
— А ці маюць права воіны-інтэрнацыяналісты на бясплатны праезд?
— Згодна з “Пагадненнем аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыраўнаваных да іх” ад 12 сакавіка 1993 года, воінам-інтэрнацыяналістам прадастаўляецца права на бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі) незалежна ад месца жыхарства, а тым, якія жывуць у сельскай мясцовасці, — таксама на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных міжгародніх зносінаў у межах адміністрацыйнага раёна па месцы жыхарства. Дазволены і бясплатны праезд на аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносінаў (акрамя таксі). Удакладню, што калі ў гарадскім транспарце воіны-інтэрнацыяналісты павінны прад’явіць кантралёру толькі сваё пасведчанне аб праве на льготы, то пры карыстанні прыгарадным транспартам спачатку з пасведчаннем трэба звярнуцца ў білетную касу вакзала (або да вадзіцеля, калі садзіцеся ў аўтобус на прамежкавым прыпынку), каб атрымаць ільготны праязны білет. Падставай для набыцця льготнага праязнога білета з’яўляецца пасведчанне, выдадзенае адпаведнымі органамі былога Саюза ССР або бакамі пагаднення СНД па форме, якая дзейнічала на 1 студзеня 1992 года, па месцы пастаяннага жыхарства асобы, якая мае права на льготны праезд.
— Куды звяртацца ветэранам вайны ў Афганістане па пытаннях атрымання гэтых ільготаў, пацвярджэння гарантый?
— Дадатковую інфармацыю па пытаннях сацыяльнай абароны правоў і інтарэсаў грамадзян, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаваў, можна атрымаць у ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна па тэлефоне 2-15-03 у працоўны час.
Гутарыла І. КАМАРОВА