З Нараджэннем Хрыстовым!

Падзеі

Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры! Вітаю ўсіх вас і віншую з вялікім і цудоўным у яго прамяністай прыгажосці святам Нараджэння Хрыстова, са святам прыходу ў свет Сына Божага.

Святы апостал Лука гаворыць нам пра тое, як Анёлы Божыя праспявалі Немаўляці Ісусу хвалебную песню: “Слава в вышних Богу, и на земле мир в человеках благоволение” (Лк. 2, 13-14). Святы апостал Матфей гаворыць аб поўным глыбокай пашаны пакланенні вешчуноў – усходніх мудрацоў, якія прынеслі Боганемаўляці Хрысту шчодрыя дары: золата, ладан і смірну (Мф. 2, 11).

Перад гэтым святам мы трымаем 40-дзённы пост, які з’яўляецца нашым пасільным подзвігам у гонар гэтай свяшчэннай падзеі. Але пост тым цаннейшы, чым больш шчырыя і глыбокія нашы малітвы, чым больш узвышаныя і чысцейшыя нашы думкі і пачуцці, чым больш мы робім добрых справаў.

Сваім прыходам у свет Хрыстос Збавіцель не проста наблізіўся да чалавека, а Сам прыняў плоць чалавечую. Богаўвасабленне – гэта вялікая тайна, гэта адкрыццё Божае нам, людзям. Гасподзь чакае ад нас, каб мы звярнуліся да Яго ўсёй сваёй сутнасцю. Але быць з Хрыстом і ў Хрысце – гэта значыць любіць Яго і выконваць Яго запаведзі.

“Мир оставляю вам, мир Мой даю вам, — гаворыць Збавіцель, — не так, как дает мир, Я даю вам. Да не смущается сердце ваше и да не устрашается” (Ін. 14, 27). Свет, пададзены Богам і ў Ім увасоблены, знішчае грахоўныя страсці, мірскія хваляванні. Гэты свет не мае нічога агульнага з жыццёвай самазаспакоенасцю, якая замыкае душу ў рамках зямных інтарэсаў. Ён узносіць яе да Царства Божага, прычасціцца да якога ўжо тут, на зямлі, можа кожны хрысціянін. Бог, які ўвасобіўся, прынёс свет усім, хто верыць у Яго і ідзе за Ім, узяўшы свой крыж.

Але чаму ж вакол нас столькі канфліктаў, сварак і крыўдаў? Чаму захоўваецца варожасць паміж пакаленнямі, палітычнымі партыямі, багатымі і беднымі? Чаму расстаюцца бацькі, прымушаючы пакутаваць дзяцей? Чаму народы паўстаюць адзін супраць другога? Калі мы заглянем у глыбіні сваіх уласных сэрцаў, то ўбачым, што вельмі часта мы жывём па ўласнай волі, забываючы пра волю Божую і Яго запаведзі. Часта спадзяёмся на свае чалавечыя сілы, забываючы пра сілу Божую. Будзем жа памятаць, браты і сёстры, што сапраўдны мір даецца толькі Госпадам. Толькі ідучы за Віфлеемскай зоркай па шляху Хрыстовым, мы набываем мірнае жыццё на зямлі і вечны мір у Яго Нябесным Царстве. Будзем памятаць пра тое, што мір Хрыстовы перамагае варожасць, што толькі здабыўшы гэты мір у сваім сэрцы, чалавек можа выстаяць ва ўсіх жыццёвых бурах і несці прымірэнне блізкім і далёкім, напаўняючы жыццё верай, праўдай, чысцінёй і любоўю. Няхай ахопіць сабою мір Хрыстовы ўсіх нас – Яго вучняў і паслядоўнікаў, людзей розных узростаў, нацыянальнасцяў, палітычных поглядаў і сацыяльных слаёў. Няхай ён дасягае і людзей іншых вераў і перакананняў, з якімі мы ідзём поруч.

У свеце ізноў неспакойна. Льецца кроў, і пакутуюць людзі. Але мы веруем, што “Господь, — па словах Псалмапеўца Давіда, — крепость людям Своим даст, Господь благословит люди Своя миром” (Пс. 28.11). Гасподзь дапаможа хрысціянам сваім добрым прыкладам і дзеяннем заахвоціць людзей да міру, да мудрага і справядлівага вырашэння ўсіх спрэчак і рознагалоссяў.

Яшчэ і яшчэ ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, віншую са святам Нараджэння Хрыстова. І няхай Народжанае ў Віфлееме Боганемаўля Хрыстос благаславіць усіх вас у новым годзе мірам, здароўем, поспехам ва ўсіх вашых справах і пачынаннях. Няхай Ён прынясе ў вашы дамы радасць жыць у згодзе, любові і праўдзе Яго. Амінь.

Мне застаецца толькі нагадаць, што 9 студзеня, у панядзелак, на трэці дзень свята Нараджэння Хрыстова, у Цэнтры культуры г. Дзятлава адбудзецца Каляднае прадстаўленне Нядзельнай школы пры храме Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава. Пачатак у 18 гадзін.

Протаіерэй Мікалай ПІНЧУК,
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель храма Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *