Святло Нараджэння Хрыстова

Падзеі

У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбыўся канцэрт, прысвечаны вялікаму хрысціянскаму святу – Нараджэнню Хрыстову які арганізаваў дзятлаўскі араторый імя благаславёных пакутнікаў з Познані на чале з настаяцелем касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ксяндзом Здзіславам Пікулам.

Як слушна заўважыў на пачатку мерапрыемства ксёндз Здзіслаў, тое, што мае адбыцца на сцэне, нельга назваць проста канцэртам – гэта, хутчэй, святочная сустрэча ўсіх, хто лічыць сябе прыхільнікам хрысціянскіх каштоўнасцяў, супольная малітва, увасобленая праз творчасць.

 — Кожны з нас сёння прыйшоў чарговы раз перажыць ноч, калі пан Езус нарадзіўся на зямлі, каб разумець і прабачаць нам. Я ўдзячны моладзі нашага араторыя, гасцям з Мінска, якія пастараліся, каб гэты канцэрт меў вялікія мэту і сэнс сустрэчы свята Нараджэння Хрыстова. Рады бачыць у зале і праваслаўных вернікаў – мы з вамі разам, — прывітаў прысутных у зале ксёндз Здзіслаў. – Дарагія госці, адкрыйце сэрцы, і тады ўсё, што сёння ўбачыце, кожнае слова, якое пачуеце, падораць вам радасць і ціхамірнасць, умацуюць вас у веры, палегчаць зямное жыццё.

Прагучала сумесная малітва.

IMG_2786 IMG_2791 IMG_2798 IMG_2801 IMG_2808 IMG_2819 IMG_2821 IMG_2825 IMG_2833 IMG_2834 IMG_2847 IMG_2852 IMG_2862 IMG_2867 IMG_2877 IMG_2891

Ніводнае выступленне ў гэты вечар не пакінула прысутных раўнадушнымі. Пранікнёныя словы вядучых Марыі Баклага і Вікторыі Анушкевіч абуджалі самыя светлыя пачуцці. Павучальнымі, якія заклікаюць да міласэрнасці, былі тэатралізаваныя пастаноўкі ад наведвальнікаў дзятлаўскага араторыя. Музычныя нумары, якія дарылі не толькі дзятлаўчане, але і моладзь з араторыя імя святога Яна Боска горада Мінска, парафіяльны музычны гурт “Небасхіл” таксама з Мінска, які падрыхтаваў кампазіцыі не толькі з каталіцкіх зборнікаў, але і свае ўласныя творы, дапамаглі гледачам правесці вечар у цудоўнай атмасферы, атрымаць душэўную асалоду. І дарослыя, і самыя маленькія ўдзельнікі святочнага відовішча ўклалі ў выступленні ўсе свае здольнасці і таленты.

Таксама ў гэты вечар ксёндз Здзіслаў і клірык Міхаіл правялі калядную віктарыну на веданне біблейскай гісторыі. Усім, хто даваў правільныя адказы, уручалі памятныя падарункі і абразкі.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе дзеткі, якія рыхтавалі гэты святочны вечар, з запаленымі свечкамі ў руках выйшлі на сцэну і ў залу да гледачоў. Святло маленькіх свечак у руках “анёлаў” падарыла прысутным любоў і надзею на шчаслівую будучыню.

І. КАМАРОВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *