Святочны абрад пад такой назвай арганізаваў і правёў творчы калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на чале з загадчыцай сектара Ганнай Харлінскай.
Падрыхтавала абрад хармейстар раённага цэнтра культуры Марына Варган і заклікала паўдзельнічаць у ім наведвальнікаў дзіцячага вакальнага гуртка «Капітошка», якім кіруе. Юныя артысты пераапрануліся ў Пеўня, Казу, Дзяўчынку, Цыгана. Да іх далучыліся і дарослыя. Касцюмаваная працэсія з традыцыйнай каляднай зоркай накіравалася ў вёску Міроўшчына віншаваць са святкамі мясцовых жыхароў. Вяскоўцы гасцінна сустракалі калядоўшчыкаў. Артысты ў сваю чаргу весялілі гаспадароў песнямі, жартамі, каляднымі сцэнкамі. Свята спадабалася і жыхарам Міроўшчыны, і удзельнікам абрада. Вяскоўцы запрасілі артыстаў абавязкова прыязджаць яшчэ.
І. ЛЕАНІДАВА