Абмеркавалі праблемныя пытанні работы з абавязанымі асобамі

Падзеі

Прайшло пашыранае пасяджэнне каардынацыйнага савета Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 2006 года №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях». На пасяджэнне былі запрошаны члены каардынацыйнага савета, адказныя асобы арганізацый, дзе працуюць абавязаныя асобы, і тых, дзе ўстаноўлена бронь на прыём на работу абавязаных асобаў.

_MG_3464

Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама І. С. Кухарэвіч. Ён адзначыў, што Дэкрэт №18 працуе ўжо больш за 10 гадоў, але ўсё яшчэ даводзіцца сутыкацца з неразуменнем некаторых кіраўнікоў і адказных асобаў. Такія факты будуць прааналізаваны ў час пасяджэння, будуць знойдзены шляхі іх вырашэння. Гэта дапаможа павысіць абароненасць дзяцей ад нядбайных бацькоў, у поўнай меры працаваць з абавязанымі асобамі па працаўладкаванні, кантраляваць іх прагулы, павысіць працэнт пагашэння расходаў на ўтрыманне дзяцей. Пакуль пагашэнне расходаў па раёне складае 69-70%, аднак яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. На 1 студзеня 2017 года на Дзятлаўшчыне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 152 дзіцяці з 82 сем’яў (у 2016 годзе было 145 дзяцей з 81 сям’і). Як бачым, колькасць непаўналетніх павялічылася за кошт таго, што ў сацыяльна небяспечнае становішча трапляюць шматдзетныя сем’і. За 2016 год маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны 16 дзяцей з 8 сем’яў (за 2015 год — 36 дзяцей з 16 сем’яў). Бацькоўскіх правоў былі пазбаўлены 6 бацькоў на 5 непаўналетніх (у 2015 годзе — 11 бацькоў на 8 непаўналетніх). У біялагічныя сем’і ў 2016 годзе вярнуліся 70,6% дзяцей (у 2015 годзе 77,1%). Гэтыя лічбы сведчаць, што ёсць пэўныя праблемы, над якімі павінны больш актыўна працаваць суб’екты прафілактыкі.

_MG_3472

Аб факце адмовы ўпраўлення спецыяльных работ ААТ «Будкомплекс» горада Дзятлава ў прыёме на работу абавязанай асобы, накіраванай упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення Т. А. Дорда. Яна зазначыла, што ў наймальніка была бронь на прыём 2 асобаў гэтай катэгорыі. Грамадзянцы выдалі накіраванне на работу прыбіральшчыцай, аднак наймальнік адмовіў у прыёме, патлумачыўшы, што вакансія выводзіцца са штату, а праз некаторы час — што на гэта месца пераведзены свой работнік. Па выніках пракурорскай праверкі ўстаноўлена, што абавязанай асобе неабгрунтавана адмовілі ў працаўладкаванні. На дырэктара «Будкомплекса» быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (частка 1 артыкула 9.16 КоАП РБ), матэрыялы накіраваны ў суд для разгляду. Дырэктар парушыў патрабаванні артыкула 21 Закона аб занятасці Рэспублікі Беларусь (не прыняў на работу грамадзяніна, накіраванага ўпраўленнем па працы і занятасці райвыканкама за кошт броні).

_MG_3476

З тлумачэннямі выступіў дырэктар упраўлення спецыяльных работ ААТ «Будкомплекс» горада Дзятлава А. В. Лашко. Ён паведаміў, што на вакансію сапраўды быў пераведзены работнік арганізацыі, у якога адсутнічала ў гэты перыяд работа на сваім участку.

Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна А. П. Юркевіч папярэдзіў, што ёсць патрабаванні закона, якія неабходна выконваць, у тым ліку аб броні для абавязаных асобаў. Пракуратура і надалей будзе сачыць за гэтым і прымаць адпаведныя меры пакарання.

Каб падобных парушэнняў не здаралася, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Т. А. Дорда нагадала, што павінны ведаць наймальнікі аб рабоце з абавязанымі асобамі.

_MG_3482

Аб праблемных пытаннях і шляхах удасканалення работы па забеспячэнні ўзроўню спагнання расходаў з абавязаных асобаў расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Ф. Біль. Начальнік міліцыі чакае ад наймальнікаў плённага супрацоўніцтва ў гэтым накірунку. Ён патлумачыў, чаму неабходна паведамляць аб няяўцы на работу абавязанай асобы да 11 гадзін раніцы, а не пасля заканчэння рабочай змены, расказаў, што ў час адбывання адміністрацыйных арыштаў такія асобы будуць прыцягвацца да работаў па месцы працы.

_MG_3494

Доктар псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы К. Л. Якімчык, расказваючы аб узаемадзеянні наркалагічнай службы ўстановы аховы здароўя з кіраўнікамі арганізацый па лячэнні асобаў, якія абавязаны пагашаць расходы на ўтрыманне дзяцей, зазначыла, што такія грамадзяне рэдка трапляюць на прыём. А галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ М. С. Максімовіч выказала пажаданне, каб суб’екты прафілактыкі стараліся актыўней працаваць з тымі людзьмі, у якіх толькі пачынаюць праяўляцца прыкметы сацыяльнага недабрабыту — іх лягчэй вылечыць, накіраваць на правільны шлях.

І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *