На Дзятлаўшчыне ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стартавала эстафета раённых ранішнікаў. Першымі прымалі віншаванні і сустракалі Дзеда Мароза і Снягурку дзеці-інваліды. У нашым раёне такіх дзетак 89, а прыняць удзел у ранішніку змаглі 30 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Першай прысутных павітала выконваючая абавязкі дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Г. В. Емяльянчык. Галіна Васільеўна прадставіла гасцей свята. З падарункамі і віншаваннямі на ранішнік да асаблівых дзяцей завіталі старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта А. М. Дубовік, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка, начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, старшыня праўлення Дзятлаўскага раённага аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» М. В. Жыдко, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Г. Т. Суравец, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага аддзялення ГА «Беларускі дзіцячы фонд» А. А. Чайкоўская.
Не паспелі ўдзельнікі свята станцаваць навагоднюю польку, як ля ёлкі з’явіўся дамавічок Кузя з чароўным куфэрачкам. Чаго толькі там не знайшлося: гульні і загадкі, музычныя падарункі ад гімназістаў і навагоднія танцы. Але дамавічком зацікавілася Баба-Яга. Праўда, напярэдадні святаў яна была вельмі добрая, нават згадзілася дапамагчы дзецям згуляць у навагоднюю латарэю і паклікаць добрых чараўнікоў Дзеда Мароза і Снягурку. Разам з навагоднімі героямі дзеці змаглі запаліць агеньчыкі на ёлцы і арганізаваць дружны карагод. Не абышлося і без традыцыйных вершыкаў.
На развітанне юныя ўдзельнікі свята атрымалі навагоднія падарункі. Дарэчы, сёлета іх было два — набытыя за кошт сродкаў раённага бюджэту і ад раённага аддзялення «Беларускага фонду міру».
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА