Год культуры ўрачыста адкрыты
На Дзятлаўшчыне ўрачыстае адкрыццё Года культуры прайшло ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Тут прысутнічалі прадстаўнікі розных накірункаў дзейнасці – артысты, майстры, бібліятэкары, музыканты.
У фае адбыліся выставы кніг, майстар-класы народных умельцаў, а на сцэне Цэнтра культуры выступілі лепшыя творчыя калектывы, сярод якіх Наваельнянскі духавы аркестр “Акцэнт”, народны ансамбль песні і музыкі “Ятранка”, народны хор “Ветэраны ў страі”, удзельнікі мясцовай цыркавой студыі, а таксама салісты і музыканты. Адкрыццё Года культуры ператварылася ў парад набыткаў за папярэднія гады.
Нам гады – не бяда!
Клуб пажылых людзей “Нам гады – не бяда!” адкрыўся ў Дзятлаве, у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэты клуб — месца, дзе пажылыя людзі могуць займацца творчасцю, асвойваць новыя ўменні, адчуваць сябе неадзінока.
Віцэ-чэмпіёны “Снежнага снайпера”
Віцэ-чэмпіёнамі вярнуліся з рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” юныя біятланісты з Раготна Ангеліна Анушкевіч, Кірыл Якаўчык і Вольга Грыцук. Гэтыя выхаванцы трэнера Мікалая Анацкі ў складзе каманды Гродзенскай вобласці спаборнічалі на лыжаролерным стадыёне “Вяснянка”. Ангеліна Анушкевіч вызначылася і асабіста: заняла трэцяе месца па біятлоне (стральба і лыжная гонка).
У спартзалу – па здароўе
У гарпасёлку Казлоўшчына адбылася спартакіяда “Здароўе”. У ёй прынялі ўдзел многія працоўныя калектывы. Прайшлі спаборніцтвы па валейболе, стральбе, дартсе, шашках, падыманні гіры, перацягванні каната. Пераможцай спартакіяды стала каманда прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Ёй дастаўся пераходны кубак.
Пашпарт атрымліваюць у музеі
На Дзятлаўшчыне стала традыцыяй уручаць пашпарты 14-гадовым юнакам і дзяўчатам – лепшым вучням, спартсменам, пераможцам алімпіяд і фестываляў – ва ўрачыстай абстаноўцы. Дзеля гэтага іх запрашаюць не ў міліцыю, а ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Разам з дакументам маладыя грамадзяне Беларусі атрымалі кнігі-падарункі.
Поспех праз 25 гадоў
Дзятлаўскія юныя хакеісты сталі пераможцамі абласнога турніру “Залатая шайба”. Дзятлаўчане абыгралі равеснікаў са Смаргоні, Шчучына, Астраўца, Карэлічаў. Такі поспех здарыўся праз 25 гадоў: толькі ў 1990-ым дзятлаўчане былі пераможцамі “Залатой шайбы”.
Чарнобыльскі шлях – праз Дзятлаўшчыну
Удзельнікі 30-й Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця па роднай зямлі” не мінулі Дзятлаўшчыну. Жыхары Казлоўшчыны і Дзятлава атрымалі запрашэнне на канцэрт з удзелам кампазітараў Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка, эстрадных выканаўцаў, заслужанага калектыву Беларусі “Церніца”.
Лідар года-2016
Адбыўся раённы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2016” сярод школьнікаў. У фінальных спаборніцтвах удзельнічалі 8 прадстаўнікоў школ раёна. Пераможцай стала вучаніца першай дзятлаўскай школы Вікторыя Каракулька.
Прэс-тур журналістаў
Дзятлаўшчыну наведалі журналісты друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны. Яны прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі, перадалі цацкі дзецям-інвалідам. Для гасцей была наладжана аглядавая экскурсія па Дзятлаве, наведванне санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”. Затым адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова. На ёй прысутнічалі каля 40 прадстаўнікоў СМІ.
Юбілей мастака-кераміста
Споўнілася 85 гадоў Мікалаю Лаўрэнцьевічу Несцярэўскаму, мастаку-керамісту, сябру Беларускага саюза мастакоў. Яго маладосць прайшла на Дзятлаўшчыне. Тут ён пачынаў працаваць цесляром у арцелі, потым быў мастаком-афармляльнікам, метадыстам клубнай работы, настаўнікам малявання. Атрымаўшы адпаведную адукацыю, займеў творчую працу ў сталіцы. Ім аформлены інтэр’еры многіх адметных будынкаў, створаны керамічныя партрэты і скульптуры знакамітых людзей. Яго работы ёсць у многіх музеях і прыватных калекцыях.