Не захацеў плаціць
У магазін вёскі Руда Яварская наведаўся беспрацоўны жыхар суседняга Мастоўскага раёна, 1992 года нараджэння. Ён узяў з прылаўка дзве бутэлькі гарэлкі, за якія не заплаціў, і забраў іх з сабой. Раней мужчына не быў судзімы, цяпер на яго ўзбуджана крымінальная справа за адкрыты крадзеж маёмасці.
Пусціла ў ход нож
Пракуратура Дзятлаўскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу на беспрацоўную, раней не судзімую жыхарку горада Дзятлава, 1992 года нараджэння. Жанчына, знаходзячыся ў гасцях у вёсцы Пенчыцы ў беспрацоўнага мясцовага жыхара, 1971 года нараджэння, пасварылася з ім. У час высвятлення адносінаў госця схапілася за нож і нанесла гаспадару ўдар у плячо. Медыкі ацанілі цялесныя пашкоджанні як лёгкія.
Адшукалі злодзея
Беспрацоўны, раней судзімы жыхар вёскі Моўчадзь Баранавіцкага раёна, які знаходзіўся на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Баранавіцкага райаддзела міліцыі, вырашыў палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт за кошт крадзяжоў. Злачынствы ён учыняў на Дзятлаўшчыне. Мужчына краў маёмасць, алкаголь, бытавую тэхніку з дамоў, якія выкарыстоўваюцца гаспадарамі ў якасці дачаў. На рахунку злодзея крадзяжы з двух дамоў і спроба крадзяжу ў вёсцы Мяляхавічы, крадзеж з дома і гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Цецеравец. Цяпер злодзей змешчаны пад варту, на яго ўзбуджана крымінальная справа.
Пакінулі сляды
У адну з нежылых хатаў вёскі Данілавічы, якая належыць жыхару гарпасёлка Наваельня, залезлі злодзеі. Зламыснікі скралі газавую пліту, два газавыя балоны, чыгунную ванну, а з хлява — саломарэзку і электрарухавік. Знайсці няпрошаных гасцей удалося па пакінутых імі слядах. На месцы злачынства засталіся бутэлька ад піва, пустая шкляная бутэлька, некалькі акуркаў і пачак ад цыгарэтаў, сякера і адбіткі пальцаў. Праваахоўнікі ўстанавілі, што крадзеж учынілі мясцовы жыхар, 1995 года нараджэння, і жыхар суседняй вёскі Круцілавічы, 1996 года нараджэння. Узбуджана крымінальная справа.
Не словамі, а кулакамі
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на раней не судзімага жыхара горада Мінска, грузчыка аднаго з мінскіх магазінаў. Калі мужчына знаходзіўся на Дзятлаўшчыне ў аграгарадку Гезгалы, ён пасварыўся з мясцовым жыхаром. У час высвятлення адносінаў жыхар сталіцы нанёс свайму апаненту некалькі ўдараў рукамі і нагамі па розных частках цела. Пацярпелы атрымаў цялесныя пашкоджанні, у тым ліку пералом сківіцы.
В. ГУЛЬНІК,
старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння АУС Дзятлаўскага райвыканкама