Сёння Грузія становіцца ўсё больш прывабнай для тых, хто хоча наведаць праваслаўныя манастыры, больш даведацца пра грузінскую кухню, пабачыць цудоўную прыроду гэтай краіны. Пабыўшы ва ўсходняй частцы Грузіі — Кахеціі, можна атрымаць шмат уражанняў. Кахеція здзівіць, зачаруе, пакліча прыехаць зноў.
Праваслаўнымі дарогамі Грузіі
Наша знаёмства з усходняй часткай Грузіі — Кахеціяй — пачалося з наведвання старажытнага горада Мцхета, які даўней быў сталіцай Грузіі. Сёння гэта ўжо не такое вялікае паселішча. А галоўная адметнасць непадалёку — манастыр Джвары.
Немного лет тому назад
Там, где сливаяся шумят,
Обнявшись будто две сестры,
Струи Арагвы и Куры,
Был монастырь…
Так пра Джвары пісаў Міхаіл Лермантаў у сваёй паэме “Мцыры”. І цяпер з аглядавай пляцоўкі манастыра адкрываецца дзівосны і велічны від на наваколле.
Гэта месца вабіць многіх турыстаў. У храме ў гонар Крыжа кожны можа пакінуць запіскі з імёнамі тых, за каго трэба маліцца, паставіць свечкі, паслухаць песнапенні, паўзірацца ў самотныя вочы святой Ніно, папрасіць дапамогі і заступніцтва.
Не менш адметны і манастыр Бодбе, дзе спачывае святая Ніно, якая, падобна нашай Ефрасінні Полацкай, несла грузінскаму народу святло праваслаўнай веры.
У Бодбейскім манастыры цяпер жывуць каля сарака манахіняў, якія не толькі шчыра моляцца, а і гэтак жа шчыра працуюць на дабрабыт манастыра: даглядаюць насаджэнні, агарод, клумбы, клапоцяцца пра жывёлу. Жаночы манастыр — узор утульнасці, парадку, прыгажосці.
Але самае вялікае ўражанне — ад наведвання манастыра Гергецкай Тройцы. Знаходзіцца ён на вышыні амаль 2200 метраў. За савецкім часам на гару можна было трапіць па канатнай дарозе на падымальніку. Але пазней пра “канатку” ніхто не клапаціўся, і яна стала непрыдатнай для паездак. Кажуць, што рэшткі даразбіралі самі манахі, каб дарога да святыні патрабавала намаганняў і была выпрабаваннем. Цяпер на гару можна патрапіць або пешшу, або на магутных пазадарожніках, якімі ўмела кіруюць мясцовыя праваднікі. Дарога – паварот за паваротам, дзе ледзьве могуць размінуцца дзве машыны, уся ў выбоінах і вялікіх лужынах. Але пра такія непрыемнасці забываеш, калі дасягаеш верхняй пляцоўкі. Адтуль адкрываюцца дзівосныя краявіды. Здаецца, што насельнікі манастыра сапраўды размаўляюць з нябёсамі. Калі пашанцуе з надвор’ем, то перад вачыма паўстане велічная гара Казбек, ці як яе тут называюць Казбегі.
Але наведванне і аднайменнага паселішча Казбегі, і манастыра на гары экскурсаводы прытрымліваюць на канец вандроўкі па Кахеціі, каб надоўга засталіся ў памяці і экстрэмальны пад’ём у горы, і дзівосныя краявіды.
Нізавошта не будзе абдзелены ўвагай і самы велічны храм Грузіі – кафедральны сабор Святой Тройцы, або Цмінда Самеба ў Тбілісі. Тут адначасова могуць размясціцца 15 тысяч прыхаджан. Сабор вельмі высокі – больш за 100 метраў. У Цмінда Самеба знаходзіцца адзін з самых каштоўных абразоў – “Надзея Грузіі”, на якім адлюстраваны 432 святыя Грузіі. Як расказаў экскурсавод, на выраб гэтага абраза пайшло каля 30 кілаграмаў золата і каштуе ён 27 мільёнаў долараў.
Непадалёк ад сабора размяшчаецца рэзідэнцыя Патрыярха Іліі, які цяпер на чале Праваслаўнай Царквы Грузіі. У саборы
Цмінда Самеба Уладыка Ілія часта ладзіць хрышчэнні дзетак. Каб палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, Патрыярх Ілія заявіў, што будзе хросным у кожнага трэцяга дзіцяці і наступных. Гэта выклікала сапраўдны дэмаграфічны бум. Бацькі лічаць за вялікі гонар мець хросным самога Патрыярха. Паводле статыстыкі, на сёння Уладыка Ілія мае больш за 20 тысяч хрэснікаў.
Дарэчы, цяпер грузіны складаюць прыкладна 84 працэнты ўсяго насельніцтва. Тут жыве шмат армянаў, азербайджанцаў, туркаў, рускіх – усяго каля 100 нацыянальнасцяў. І побач з праваслаўнымі храмамі будуюцца і дзейнічаюць сінагогі, мячэці.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ