Расказалі, як жывуць невідушчыя людзі

Падзеі

У рамках дабрачыннага марафона «Усе колеры жыцця для цябе» і рэспубліканскага месячніка «Чалавек з белым кіёчкам» у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава ладзілася тэматычнае мерапрыемства «Навобмацак».

З членамі моладзевага парламента і школьнікамі сустрэліся старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Святлана Пятроўна Крэйдзіч і ўдзельнік арганізацыі Віталь Крэйдзіч.

_mg_8281 _mg_8290

_mg_8287

Святлана Пятроўна павітала прысутных і расказала, што сустрэча арганізавана, каб расказаць падрастаючаму пакаленню аб тым, як жывуць інваліды па зроку. Жыццё невідушчых людзей звязана з паўсядзённым пераадольваннем цяжкасцяў, але асаблівыя людзі такія ж, як усе мы: вучацца, працуюць, маюць уласныя інтарэсы, сяброў. Да інвалідаў па зроку варта адносіцца як да роўных і ў той жа час разумець, што ім можа спатрэбіцца наша падтрымка і дапамога.

_mg_8291 _mg_8300 _mg_8308

Што прыдумалі спецыялісты і вынаходнікі розных часоў, каб палегчыць жыццё невідушчых людзей, удзельнікам сустрэчы расказаў і паказаў Віталь Крэйдзіч. Школьнікі даведаліся, што рэльефна-кропачны тактыльны шрыфт Брайля, якім карыстаюцца сляпыя людзі ўсяго свету, складаецца з розных камбінацый шасці кропак. Ён быў распрацаваны невідушчым Луі Брайлем на аснове шрыфта, якім карысталіся салдаты арміі Напалеона, каб у цемры без шуму перадаваць інфармацыю. Віталь паказаў, як пішуць і чытаюць невідушчыя людзі.

У наша стагоддзе высокіх тэхналогій пашырыць безбар’ернае асяроддзе і займець сяброў, часам нават на другім канцы Зямлі, інвалідам па зроку дапамагаюць камп’ютары і смартфоны. Віталь Крэйдзіч з дапамогай свайго ноўтбука прадэманстраваў, як працуюць спецыяльныя праграмы, якія дазваляюць пераводзіць надпісы і малюнкі з манітора ў гукавы фармат. Таксама ён патлумачыў, як з дапамогай гукавой праграмы і звычайнага смартфона сляпыя могуць карыстацца навігатарам для пешаходаў.

_mg_8321 _mg_8325

Аднак высветлілася, што амаль усе гэтыя ноу-хау значна саступаюць звычайнаму кіёчку для невідушчых. Госць прадэманстраваў, як ім карыстаюцца інваліды па зроку. Затым усе жадаючыя навучэнцы, завязаўшы вочы, маглі паспрабаваць, ці лёгка арыентавацца ў прасторы з дапамогай кіёчка.

Напрыканцы сустрэчы старшыня раённага савета ГА «БРПА», метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава І. А. Мішчанка падзякавала гасцям за цікавую інфармацыю. Яна зазначыла, што падобныя сустрэчы вельмі карысныя для падрастаючага пакалення, паколькі вучаць дзяцей разумець і паважаць асаблівых людзей. Ірына Анатольеўна ўпэўнена, што любы з навучэнцаў, якія прыняў удзел у мерапрыемстве, цяпер зможа дапамагчы інваліду па зроку, калі сустрэне яго на вуліцы, у магазіне, грамадскім транспарце і зразумее, што той сутыкнуўся з цяжкасцямі.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *