Пра стаж, пенсійны ўзрост, надбаўкі, пенсіі, дапамогі

Падзеі

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама з пытаннямі звяртаюцца жыхары Дзятлаўшчыны. На самыя актуальныя з іх адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Міхайлаўна Навічэнкава.

Пытанне: гадую дзіця-інваліда, на яго атрымліваю сацыяльную пенсію. Сёлета памёр яго бацька. Ці будзе дзіцяці яшчэ і пенсія за памерлага бацьку?

Адказ: згодна з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», асобам, якія маюць адначасова права на розныя дзяржаўныя пенсіі, назначаецца на іх выбар адна пенсія. Такім чынам, вашаму дзіцяці-інваліду можа выплачвацца толькі адна пенсія: ці сацыяльная як дзіцяці-інваліду, ці з выпадку страты карміцеля за памерлага бацьку. Для разгляду пытання аб мэтазгоднасці пераводу на пенсію па выпадку страты карміцеля вам неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Пытанне: ці можна афармляць дапамогу па доглядзе інваліда першай групы, калі я маю дзіця да трох гадоў і цяпер знаходжуся ў водпуску па яго доглядзе?

Адказ: дапамога па доглядзе інваліда першай групы назначаецца працаздольнай непрацуючай асобе, якая не займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, не атрымлівае пенсіі, дапамогі па беспрацоўі і іншай устаноўленай законам выплаты. Паколькі вы маеце статус працуючай і знаходзіцеся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, то права на дапамогу па доглядзе інваліда першай групы не маеце.

Пытанне: ці можна пенсіянеру памяняць спосаб дастаўкі яму пенсіі?

Адказ: выбар спосабу дастаўкі пенсіі робіцца самім пенсіянерам. Такім чынам, вы маеце права выбраць адзін з найбольш прымальных для вас спосабаў выплаты пенсіі (праз аддзяленне сувязі або праз банкаўскую ўстанову), звярнуўшыся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Пытанне: ці ўключаецца ў стаж і заробак для назначэння пенсіі работа па сумяшчальніцтве?

Адказ: у стаж залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў вяліся выплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, згодна з заканадаўствам. Падлік перыядаў работы адбываецца ў каляндарным парадку ад даты прыёму на работу па дату звальнення. У стаж для назначэння пенсіі перыяды работы па сумяшчальніцтве не ўключаюцца, паколькі яны каляндарна супадаюць з перыядам работы на асноўным месцы.

У заробак для налічэння пенсіі ўключаюцца выплаты ўсіх відаў, у тым ліку за работу па сумяшчальніцтве, на якія, згодна з заканадаўствам, налічваліся і з якіх выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы.

Пытанне: ад чаго залежыць павелічэнне працоўных і сацыяльных пенсій? Як павялічваюцца надбаўкі і павышэнні да пенсій?

Адказ: пераразлік пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы здзяйсняецца, калі яе рост у мінулым квартале ў параўнанні з велічынёй сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, выкарыстанай пры папярэднім пераразліку пенсій, склаў больш за 15 працэнтаў.

Памеры сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі, павышэнні, узроставыя даплаты ўстаноўлены ў працэнтных адносінах да бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Пытанне: муж памёр, ён атрымліваў някепскую пенсію. Ці магу я атрымліваць яго пенсію?

Адказ: заканадаўствам не прадугледжана магчымасць выплаты жонцы пенсіі, якая належала б яе мужу. Пры пэўных умовах (непрацаздольнасць, знаходжанне на ўтрыманні, іншыя) ёй можа быць назначана пенсія з выпадку страты карміцеля. Пры гэтым, згодна з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», асобам, якія адначасова маюць права на розныя дзяржаўныя пенсіі, назначаецца адна пенсія на іх выбар.

Згодна з артыкулам 38 Закона, пенсія з выпадку страты карміцеля назначаецца на кожнага непрацаздольнага члена сям’і ў памеры 40 працэнтаў заробка карміцеля, прынятага для налічэння пенсіі (артыкул 56 Закона), але не менш за 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (артыкул 23 Закона).

У прадугледжаных заканадаўствам выпадках да пенсіі ўстанаўліваюцца надбаўкі і павышэнні.

Па больш падрабязную кансультацыю ў кожнай канкрэтнай сітуацыі неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Пытанне: ці будзе захаваны пенсійны ўзрост для тых, хто працуе ў шкодных умовах працы?
Адказ: узрост для льготнай пенсіі, як і агульны пенсійны ўзрост, будзе паступова павялічвацца на 3 гады — па 6 месяцаў у год. Пенсіі за работу ў асаблівых умовах працы захаваюцца. Таксама захаваецца працягласць спецыяльнага стажу, які патрэбен для назначэння льготнай пенсіі.

Пытанне: як адаб’ецца павышэнне пенсійнага ўзросту на людзях, якія афармляюць пенсію, згодна з міжнароднымі дагаворамі? Ці будзе мяняцца заканадаўства ў сферы міжнароднага пенсійнага супрацоўніцтва?

Адказ: павышэнне пенсійнага ўзросту не цягне за сабой перагляду палажэнняў міжнародных дагавораў. Кожная дзяржава, назначаючы пенсію, выкарыстоўвае сваё заканадаўства, у тым ліку нормы аб узросце выхаду на пенсію.

Пытанне: ці будзе ў сувязі з павышэннем пенсійнага ўзросту перагледжаны ўзрост для назначэння даплатаў людзям старэйшым за 75 гадоў?

Адказ: Указам №137 пытанні змянення ўзроставай планкі для такіх выплат не закранаюцца. З 2012 года, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 года №35, устаноўлена штомесячная дадатковая мэтавая даплата да пенсій непрацуючым пажылым людзям ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *