Дэлегацыя Дзятлаўшчыны была ўдзельнікам урачыстага шэсця пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2016 года. Для «Дажынак» нашы хлебапёкі выпеклі конкурсны каравай. Таксама Дзятлаўскі раён з нагоды свята падарыў воранаўцам драўляную скульптуру, якая разам з падарункамі ад іншых раёнаў упрыгожыла гарадскі парк. Дзятлаўшчыну на свяце прадставілі імправізаваны сельскагаспадарчы падворак, фальклорныя калектывы і народныя майстры. Сваю прадукцыю гасцям свята прапанавалі Дзятлаўскі сыраробны завод, КСУП «Хвінявічы». На працягу ўсяго мерапрыемства гульнёвую праграму для дзяцей ладзіў Беларускі тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх».