Адно імгненне

Падзеі

Ліза ўжо амаль месяц не наведвала сваю бабулю Ніну, якая жыла ў невялікай вёсцы, удалечыні ад горада. Вёска была нешматлюдная, у ёй панавалі цішыня і спакой. Але Лізе падабалася прыязджаць сюды, дзе стаміўшыся ад гарадскога тлуму і мітусні, яна мела магчымасць пабыць сам насам са сваімі думкамі, на нейкі момант адпачыць душой, паразважаць над жыццём, над яго вечнымі пытаннямі.

Дарога да вёскі не заняла шмат часу. Ужо праз паўтары гадзіны Ліза павольна ішла па добра знаёмай сцяжынцы да бабулінай хаты. Дзяўчыны сустрэў залівістым брэхам маленькі Тобік, які, віхляючы хвастом, нават і не спрабаваў схаваць сваю радасць ад сустрэчы. Ды і Лізе было прыемна бачыць гэтую прыгожую маленькую істоту, якая  так шчыра вітала яе прыход. Пачуўшы гаўканне сабакі, госцю выйшла сустракаць і бабуля Ніна.

Кожны раз яна пачынала размову з вясковых навінаў. Мабыць, таму што іх было не так ўжо і шмат, і для вяскоўцаў яны набывалі нейкую значнасць.

— Ліза, ты ж ведаеш дзядзьку Пятра? Хата яго якраз на ўскрайку вёскі стаіць, непадалёку ля рэчкі. Калі ты яшчэ маленькая была, ён заўсёды для цябе розныя цацкі з дрэва рабіў. Увогуле, добры быў чалавек, нікому нічога кепскага не зрабіў. А ўчора яго пахавалі… Хто мог падумаць, што вось так знянацку памрэ чалавек, нічым жа сур’ёзным ён не хварэў. Проста лёг спаць і больш не прачнуўся. Яшчэ ж некалькі дзён таму размаўляў са мной, жартаваў. А сёння Пётр збіраўся адрамантаваць веснічкі ля хаты… Цяпер нічога ўжо гэта яму не патрэбна, — цяжка ўздыхнуўшы, вымавіла бабуля, — ні веснічкі, ні хата.

Выцершы краем хусцінкі слёзы з вачэй, яна дадала:

— Вось так жыве чалавек, працуе, плануе штосьці, а затым раз — і яго няма, ён ужо за мяжою жыцця. І накіроўваецца душа да Бога, ідзе на суд да яго. Вось і я нярэдка думаю, што Айцу нашаму скажу, калі ён спытае, як я жыла, ці шмат карыснага і добрага ў жыцці сваім зрабіла, ці выканала сваё прадвызначэнне. І пра грахі мае спытае… Чамусьці мы, пакуль жывём на гэтай зямлі, плачам і каемся ў нашых грахах, а праз некаторы час ізноўку робім тое ж самае. Апраўдваем сябе думкай, што Айцец наш нябесны добры. любіць нас. Спадзяёмся, што ён заўсёды прабачыць усе нашы праграшэнні. А ці так гэта — аднаму Богу і вядома. А мы даведаемся пра гэтае толькі ў час таго Вялікага Суда.

Расказаўшы пра пахаванне дзядзькі Пятра, паразважаўшы над хуткацечнасцю жыцця, бабуля Ніна перайшла да іншых вясковых навінаў. Паведаміла ўнучцы пра тое, што старую Веру нарэшце забралі ў інтэрнат, дзе аб ёй будуць клапаціцца зусім чужыя людзі. Роднаму сыну няма калі даглядаць маці: у яго ў горадзе бізнес, трэба рабіць грошы.

«А маці для яго нібы абуза, якая толькі перашкаджае займацца справай. Вось ён і спіхнуў яе ў інтэрнат. Ці меркавала яна, калі гадавала яго малога, што ў старасці ёй давядзецца застацца адной, непатрэбнай роднай крывіначцы?! І паміраць яна будзе не ў сваёй хаце, не на сваім ложку, а ў халодных чужых сценах, на бальнічным ложку, на якім адыйшоў на той свет яшчэ хтосьці. .. Таксама такі ж нікому не патрэбны», — з абурэннем пракаменціравала сітуацыю бабуля Ніна. І затым ціха дадала: «І што ж гэта цяпер на свеце божым робіцца».

За размовай, у якой Ліза ў асноўным выконвала ролю ўважлівага слухача, хутка прайшоў час, на вуліцы ўжо сцямнела. Бабуля пайшла ўладкоўвацца да сну, заўтра ж трэба рана ўставаць. А Лізе яшчэ не хацелася спаць, ды было і над чым паразважаць.

Нягледзячы на свой малады ўзрост, Ліза нярэдка задумвалася ад спрадвечных пытаннях жыцця. Меркавала, што ўсё ў ім хуткацечнае, як увогуле і яно самое. І на жаль, фіналам зямнога жыцця можа быць не абавязкова старасць, гэта можа адбыцца і раней.  З такой сітуацыяй Лізе давялося сутыкнуцца вельмі блізка. Два гады таму яна страціла свайго сябра, маладога і прыгожага хлопца. У адзін са спякотных летніх дзён Саша вырашыў паплаваць ў возеры, якое знаходзілася за горадам. А вечарам таго дня яны разам збіраліся ісці на танцы.
Ніхто не мог паверыць у тое, што Саша загінуў. Няўжо гэта магло адбыцца з чалавекам, які быў адным з лепшых плыўцоў універсітэта?

Ліза адчувала боль ад страты сябра. Было балюча асэнсоўваць і тое, што пайшоў з жыцця так рана, у самым яго росквіце. Чаму так адбылося? Не па сілах чалавеку знайсці адказ на гэтае пытанне.

Ад гэтых успамінаў, сумных, але ўжо не цяжкіх, (нездарма кажуць, што самы лепшы лекар — час) думкі Лізы накіраваліся да іншых пытанняў. Прыгадаліся бабуліны разважанні аб людзях і іх адносінах да граху. Сапраўды, людзі, зрабіўшы кепска, раскайваюцца ў гэтым, абяцаюць больш ніколі так не рабіць. Але з цягам часу гісторыя зноў паўтараецца. Ліза ўпэўнілася ў гэтым і на сваім жыццёвым вопыце. Яна нярэдка сварылася з мамай толькі таму, што ў яе быў кепскі настрой. Пасля прасіла прабачэння, а праз некаторы час зноў сварылася.

Успомніла Ліза і нядаўні выпадак, калі разам з сяброўкамі пакрыўдзілі сваю аднакурсніцу. Ім не падабалася, як яна апранаецца — занадта проста і нямодна. «Ну што ты ўсё носіш адны і тыя ж джынсы, што табе цяжка купіць сабе новыя, больш стыльныя…» Дзяўчаты нават і не падумалі, што гэтымі словамі яны паранілі дзяўчыну. Праз некатіоры час Ліза даведалася, што Наташа з малазабяспечанай сям’і і пры гэтым няпоўнай. І гэтыя абставіны не дазвалялі дзяўчыне амаль кожны месяц мяняць шмоткі, хаця каб грошай на ежу хапала.
Лізе было сорамна перад Наташай, Але падыйсці і папрасіць прабачэння пакуль не хапала сіл. Хаця ўнутраны голас аб гэтым не раз нагадваў, нібы гаварыў:

«А ці змагла б ты выглядаць стыльна, модна пры такіх абставінах?І увогуле, ты яшчэ шчаслівая, што ў цябе ёсць мама і тата, якія могуць забяспечыць цябе, і менавіта дзякуючы ім ты не бядуеш. А ты яшчэ  з імі і сварышся…»

Прыгадвала Ліза і яшчэ адзін выпадак, які таксама не ўпрыгожваў яе. Адбыўся ён тут ў вёсцы. Непадалёку ля бабулі жыла сям’я, сын якой быў інвалідам. Дзіма быў крыху маладзейшы за Лізу. Неяк летам, гуляючы па надворку, Ліза ўбачыла, як Дзіма рваў сакавітыя спелыя вішні. Вішні з бабулінага саду. Лізе гэта не спадабалася. Яна накрычала  на Дзіму, амаль выгнала яго з саду. Вечарам расказала пра гэтае здарэнне бабулі. Яна ж уважліва, паглядзеўшы на ўнучку, прамовіла: «І табе не сорамна? Каму ты пашкадавала жменьку вішань? Дзіма ж і так няшчасны чалавек. У цябе ж у жыцці ёсць усё: прыгажосць, талент, сябры, каханне. А якое жыццё ў Дзімы, ты аб гэтым не задумвалася? А трэба б было, перш чым шкадаваць яму некалькі ягад або скардзіцца на свой лёс, як часам ты гэта робіш. Кепска гэта, унучка…»

Бабуля казала праўду. Ліза нярэдка плакалася на сваё жыццё, адчувала сябе нешчаслівай. Хаця сур’ёзных прычынаў для гэтага не было, хутчэй гэта было толькі глупства. А, калі падумаць, то ёсць жа людзі, у якіх сапраўды цяжкі лёс, як, напрыклад, у Дзімы (нездарма ж кажуць, што ўсё пазнаецца ў параўнанні). А яна яшчэ пашкадавала для гэтага чалавека невялікую радасць — пачаставацца спелымі вішнямі.

Ліза памятае, як на наступны дзень яна нарвала смачных сакавітых ягад і занесла іх Дзіме, пагутарыла з ім. Як ён узрадаваўся гэтай невялікай увазе, простай размове. Ды і Ліза адчула сябе на нейкі момант шчаслівай толькі ад таго, што змагла падарыць камусьці часцінку дабрыні і цеплыні. Увогуле, гэта і з’яўляецца прадвызначэннем чалавека, сэнсам яго жыцця.

Бабуля Ніна заўсёды паўтарала, што, калі чалавек робіць дабро дзеля іншых, то яно абавязкова вернецца да яго. Гэтае ж правіла дзейнічае і ў адносінах да тых людзей, якія сеюць у жыцці зло. Як, напрклад, сын бабулі Веры. У пагоні за грашыма ён і забыўся пра тое, што ў яго ёсць маці. Калісьці ж і ён будзе стары. Ці патрэбен ён будзе сваім дзецям?Толькі вось чамусьці ён аб гэтым не задумваецца, пакуль ёсць яшчэ час, толькі адно імгненне…

А.ДУБРОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *