Ёсць такія людзі, сустрэчы з якімі ўзбагачаюць жыццё і вымушаюць задумацца, а часам і зусім перагледзець уласныя стэрэатыпы. Сёння многія з нас у маладым узросце ўжо згінаюцца пад цяжарам паўсядзённых праблем і клопатаў, заўчасна становяцца “бабулямі” і “дзядулямі”, якія толькі і робяць, што скардзяцца на жыццё і выбіваюць лепшае месца пад сонцам. А бабуля Алена нават на сто першым годзе жыцця застаецца маладой душой, гаваркой і дапытлівай, не губляе аптымізму.
ЮНАЯ КАМСАМОЛКА
Алена Піліпаўна Аблажэй хоць і жыве цяпер у дачкі ў Гродне (адной быць здароўе не дазваляе), кожнае лета яны прыязджаюць у пасёлак Наваельня і жывуць тут па некалькі месяцаў. Дзеці зрабілі ладны рамонт у пасялковым доме, каб іх матуля адчувала сябе ўтульна. Сюды і завіталі мы разам з кіраўніком музея “Дзеці ліхалецця” Тамарай Крывеня, якая часта наведваецца ў госці да бабулі – па аповедах Алены Піліпаўны яна аднаўляе прабелы ў гісторыі гарпасёлка.
— Захаваць духоўнасць і веру ў людзей – гэта, па-мойму, самае важнае ў пажылыя гады, – кажа пра жанчыну Тамара Уладзіміраўна.
— Я проста не разгубіла тое, што мела, – усміхаецца на гэта бабуля.
Алена Піліпаўна нарадзілася ў Першую сусветную вайну, у 1915 годзе. Была самай малодшай, адзінаццатай у беднай сялянскай сям’і, мела двух братоў, астатнія — сёстры. Жылі яны ў вёсцы Таўкуны, з якой уласна і пачалася некалі Наваельня. Усе дзеці працавалі ў больш заможных гаспадароў па навакольных вёсках – жалі, касілі, упраўляліся па гаспадарцы. Сям’я іх жыла бедна. Сёстры па чарзе ішлі замуж за такіх самых незаможных хлопцаў: багатыя не бралі, бо пасагу не было.
— Тое, што цяпер адбываецца, раней здавалася казкай. Помню, казалі ў вёсцы, што некалі людзі будуць лётаць па небе, як птушкі, а цяпер гэта ўсё стала рэальнасцю, – згадвае жанчына.
Але не так проста ўсё было ў звычайнай на першы погляд сялянскай сям’і. У часы, калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы, швагры і сёстры Алены Піліпаўны былі ў антыпольскім падполлі, а бацькоўскі дом стаў «канспіратыўнай кватэрай».
— Я яшчэ маленькая была: прыйдуць да нас на сход людзі, а мяне пад веснікі выпраўляюць, маўляў, сачы, каб ніхто чужы не ішоў, – згадвае Алена Аблажэй.
У пятнаццацігадовым узросце Алена Піліпаўна сама ўступіла ў камсамол, стварыла і ўзначаліла ў Наваельні сваю камсамольскую ячэйку, у якой, акрамя дзяўчыны, было шэсць маладых людзей. Быў сувязным і даваў заданні юным камсамольцам тагачасны дырэктар навагрудскага музея імя Адама Міцкевіча Васіль Каляда.
Адданасць партыі і вернасць яе ідэалам Алена Аблажэй не губляла ніколі, пранесла праз усё сваё жыццё. За падпольную дзейнасць па наводцы здрадніка дзяўчына патрапіла ў навагрудскую турму. Ёй і паплечнікам прысудзілі па тэрмінах зняволення, і ўсё адно яны не збочылі са свайго шляху. Алена Піліпаўна і сёння помніць, як у вераснёўскую нядзелю 1939 года віталі яны ўз’яднанне Беларусі як найвялікшае свята.
ТРЫМАЮЧЫ ЛЁС У РУКАХ
Жаночае шчасце знайшло Алену Піліпаўну Аблажэй не за трыдзевяць земляў, а на яе радзіме. Будучы муж, а тады яшчэ юны Браніслаў, прыехаў сюды з Макееўкі, куды яны эвакуяваліся з сям’ёй у вайну, дзе загінуў яго бацька і два браты. Маці Браніслава сабрала трох сыноў, прадала ўсё, што там мела, і паехала на радзіму. Па дарозе дахаты на мінскім вакзале яе падманулі махляры, і давялося вяртацца ў Таўкуны з пустымі кішэнямі.
— Сям’я Броніка жыла ў бядноце, маці аддала трох сыноў у пастухі, бо работнікам выдзялялі хлеб, можна было не памерці галоднай смерцю.
Алена і Бронік разам пасвілі кароваў у полі, сябравалі. Ёй было 22 гады, яму – 27, калі малады людзі вырашылі ажаніцца.
— Хрышчаная я ў царкве, муж — католік, а вянчаліся мы з ім у касцёле, – кажа Алена Піліпаўна і згадвае яшчэ адну цікавую гісторыю свайго жыцця.
Будучыя маладажоны былі абодва небагатыя, а пабрацца шлюбам у 1937 годзе каштавала 50 злотых (гэта тагачасны кошт каровы, якую маладой даваў у пасаг бацька). Жанчына прасіла мясцовага бацюшку, каб той хоць крыху знізіў кошт вянчання, але дарэмна. Тады маладыя людзі паехалі ў Дварэц да ксяндза. Як згадвае Алена Піліпаўна Аблажэй, ксёндз ужо ведаў ад людзей, што да яго прыедуць прасіць шлюбу камсамолка і католік. Яны расказалі святару сваю гісторыю і папрасілі аб шлюбе, на што той адказаў:
— А што, калі не пагаджуся вас звянчаць?
— Ну, што ж рабіць, давядзецца тады без вянца жыць сям’ёй, – рашуча выдала Алена Піліпаўна.
Алену і Браніслава Аблажэяў ксёндз пагадзіўся вянчаць бясплатна, з той толькі ўмовай, што яны будуць месяц наведваць нядзельныя службы ў касцёле. Іх пара стала першай, якая брала вянец у новым касцёле ў Наваельні, куды дзеля іх прыехаў ксёндз з Дварца.
Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны муж Алены Піліпаўны пайшоў працаваць у майстэрню, што працавала ад чыгуначнай станцыі. На той час мужчын масава забіралі ў савецкую або саюзніцкую польскую армію, аднак работнікі чыгункі не мабілізаваліся. Тады яе муж стараўся ўзяць многіх з пасялкоўцаў на працу ў майстэрню, каб уратаваць ад прызыву на вайну. А калі пра гэта даведаліся нядобразычліўцы, ратаваць мужа давялося самой Алене Піліпаўне.
Калі Браніслава разам з усімі работнікамі майстэрні пасадзілі на поезд, каб везці на фронт, Алена Піліпаўна не стала плакаць разам з іншымі жанчынамі, якія таксама страцілі сваіх кармільцаў. Яна сабралася і прыехала да начальства чыгуначнай станцыі ў Баранавічы са словамі:
— У мяне сям’я — шэсць чалавек, нашых мужыкоў адправілі на вайну, а мы ўсе тут паўміраем з голаду.
Як аказалася, начальства не ведала пра тое, што робіцца ў Наваельні. Адзін з саставаў спынілі на паўдарозе, і трое наваельнянцаў разам з мужам жанчыны вярнуўся дадому.
Многія гады шчасця пражыла разам сямейная пара. Як кажа пра сябе Алена Піліпаўна, ніколі яна не была прыгажуняй, але заўжды заставалася вельмі актыўнай і рашучай, была свайму мужу падтрымкай і дарадцай.
Аблажэі браліся шлюбам у цяжкія часы, калі не было ні сродкаў, ні магчымасці справіць сапраўднае вяселле. Затое праз 50 гадоў, калі сталі залатымі маладажонамі, разам з вялікай сям’ёй справілі сапраўднае пышнае свята.
— Цяпер захавалася традыцыя ўскладаць кветкі да помнікаў салдатам-вызваліцелям, – кажа жанчына. — Калі мы святкавалі залатое вяселле, загрузілі цэлую машыну кветак, паехалі на брацкія могілкі, каб ушанаваць бацькоў, родных, усіх маіх таварышаў-аднапартыйцаў.
У 1951 годзе, калі яшчэ адгукаліся пасляваенныя часы жорсткай харчовай нястачы, а сельпо яшчэ не было арганізавана, баранавіцкія чыгуначнікі мелі сваю пякарню, рабілі рэгулярныя пастаўкі прадуктаў харчавання ў Наваельню. Іх прадавец павінна была выдаваць найперш работнікам чыгункі, а ўжо потым – астатнім мясцовым жыхарам. Сем’і чыгуначнікаў былі вялікія, не толькі ў пасёлку, але і ў навакольных вёсках. Прадукты з магазіна вазілі па вузкакалейцы з Наваельні аж у Любчу. Пазней – выдавалі прадукты па талонах.
Просты прадавец Алена Піліпаўна Аблажэй сваёй спагадай выратавала ад галоднай смерці не аднаго чалавека. Старалася хоць крыху выкраіць, сэканоміць, каб даць мясцовым дзецям.
— Хацелася ж і людзям, якія галадалі, нешта даць, – кажа жанчына. – Сусед мой, Воўка Акімаў, часта згадвае: “Цёця Лена, ты мяне хлебам выратавала”.
Работа прадаўца і цяпер нялёгкая, а тады яшчэ цяжэйшай была. Акрамя вытрымкі, работнікам гандлю патрэбна была яшчэ і кемлівасць, вынаходлівасць. Алена Піліпаўна Аблажэй працавала ў тыя часы, калі цэлафанавых пакетаў далёка не было. Па пакупкі прыходзілі са сваёй тарай, калі такая была. Каб узважыць многія тавары, прадавец набывала газету і ў яе лістах узважвала пакупнікам цукар, муку або нават кільку, па якую, кажа, трэба было часам ледзь не ныраць у бочку.
ЛЮБІМАЯ БАБУЛЯ АЛЕНА
Усялякага хапала ў працы і ў жыцці жанчыны, але яна заўжды старалася заставацца чалавечнай і спагадлівай да землякоў, за што бабулю Алену любяць і паважаюць пасялкоўцы, а кожны яе прыезд на радзіму суправаджаецца цэлымі паломніцтвамі да яе дома.
З-за пералому, атрыманага ў пажылым узросце, Алена Піліпаўна ўжо дзесяць гадоў перамяшчаецца ў інвалідным крэсле. Але аптымізму не траціць, піша вершы пра сябе і пра гісторыю, кожны дзень свайго жыцця цікавіцца навакольнымі падзеямі і людзьмі, шчыра здзіўляецца і радуецца таму, як змяняецца жыццё.
— Ведаеце, так, як цяпер людзі жывуць, так раней, мабыць, нават паны не маглі жыць, – разважае Алена Піліпаўна Аблажэй. — Мне нават дзеці казалі, што цяпер у адной краме можна набыць усё, што пажадаеш, і што разлічваецца ўсё на касе аўтаматычна. Шкада, я сама не магу гэта пабачыць.
Бабуля Алена – цэнтр сусвету для вялікай сям’і Аблажэяў. Яна мае сына і трох дачок, у кожнага з якіх свае ўжо вялікія сем’і. Усе значныя гадавыя святы родныя Алены Піліпаўны святкуюць разам са сваёй бабулечкай.
— Наш родны дом там, дзе жыве матуля, – кажуць яе дзеці, якія кожнае летаабавязкова наведваюць бацькоўскі дом у Наваельні.
Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара, з архіва А. П. Аблажэй.