Свята бульбы ў Белагурне

Падзеі

На свята бульбы белагурнаўцы найперш замовілі сабе ў “нябеснай канцылярыі” пагоду. Дзень парадаваў і сонейкам, і восеньскім цяплом, і някепскім настроем, які панаваў сярод вяскоўцаў.

Традыцыйна гасцей і гаспадароў свята павітала мясцовае кіраўніцтва. Старшыня СВК “Белагурна Пётр Пышынскі і старшыня Мяляхавіцкага сельсавета Вера Добыш пажадалі вяскоўцам мець штогод добрыя ўраджаі “другога хлеба”, удзельнікам вясёлай эстафеты – спрыту, хуткасці, перамог, а ўсім прысутным – добра адпачыць ад штодзённых клопатаў.

На пляцоўцы ў цэнтры аграгарадка Белагурна прадпрымальнікі прапаноўвалі поп-корн, салодкую вату, працаваў батут, малыя маглі пакатацца на машынках. Але найбольшае захапленне ў дзятвы і дарослых выклікала з’яўленне роставых лялек, якія спявалі, танцавалі, весялілі прысутных прыпеўкамі. Малеча, можа, і мала што разумела з тых прыпевак, але колькі захаплення было ад таго Дзеда з Бабай, Бульбінкі, Лісы Патрыкееўны, Цыганкі, ролю якіх выконвалі юныя артысты Беларускага тэатра роставых лялек, якім кіруе Іван Каско.

Гаспадыні свята Анжэла Вабішчэвіч і Святлана Венская запрасілі вяскоўцаў пазнаёміцца з выставай “Фантазія прыроды і чалавека”. Дзятва з аб’яднання “Сонейка”, да якой далучыліся і дарослыя, падрыхтавала вырабы з бульбы. На выставе можна было пабачыць Вясёлых Парасят, Бегемоцікаў на адпачынку, Запаслівага вожыка, Курыную сямейку, Сябровак-весялух і нават Спячага мядзведзя. Іх зрабілі з бульбін Каця Савельева, Віка Рылко, Алёна Лазарэнкова, Паліна Швайдзюк, Анастасія Добыш.

А якое ж свята без выставы бульбяных страваў? Жанчыны з клуба “Сучасніца” Святлана Драб, Галіна Клок, Наталля Венская, Вера Добыш парупіліся пра выставу “Бульбяны пір”. Яны прыгатавалі бульбяныя катлеты, пірагі з грыбамі, бульбяныя бліны з мясам, з сырнай начынкай, бульбу фры, бульбяную піцу, бульбачку са шкваркамі, з агуркамі. Адным словам – смакату.

У альтанцы можна было за 50 капеек пачаставацца юшкай і стравамі з бульбы. А непадалёку работнікі культуры з Наваельні і Хвінявічаў Таццяна Загорцава і Алена Сіўко прапаноўвалі вырабы ўдзельнікаў аб’яднання “Скарбніца” і бяспройгрышную латарэю.

На сельскую вясёлую эстафету сабраліся пяць камандаў – сельгаскааператываў “Граніт-Агра”, “Белагурна”, “Войневічы”, “Слава працы”, “Дварэц-Агра”. Пераважная большасць балельшчыкаў, зразумела, падтрымлівала сваю, белагурнаўскую, каманду. Але ёй крыху не хапіла ўдачы, каб стаць пераможцай. Прадстаўнікі СВК “Белагурна” занялі другое месца. Перамагла ў эстафеце, як і на папярэднім свяце яблыкаў, каманда СВК “Слава працы”. “Залаты дубль” зрабілі капітан каманды Аляксандр Бяляўскі і яго сябры Мікалай Сіняк, Андрэй Пякарскі, Галіна Дула, Таццяна Галавач.

Тройку прызёраў замкнуў СВК “Войневічы”.

img_3710 img_3720 img_3725 img_3730 img_3741 img_3744 img_3745 img_3774 img_3785 img_3786 img_3787 img_3788 img_3790 img_3796 img_3803 img_3808 img_3810 img_3821 img_3830 img_3835 img_3843 img_3844 img_3858 img_3862 img_3865 img_3870 img_3873 img_3878 img_3885 img_3889 img_3891 img_3894 img_3895 img_3897 img_3900 img_3902 img_3903 img_3904 img_3905 img_3906 img_3907 img_3908 img_3909 img_3910 img_3911 img_3916 img_3980 img_3985 img_3990 img_4000

Усім камандам дасталося па мяху бульбы, а пераможцам – яшчэ дыпломы і прызы.

– Дзякую ўсім камандам і тым, хто іх падтрымліваў! – зазначыў старшыня журы Васіль Шыцько. – Усе паказалі сваё імкненне да перамогі, а яе атрымалі мацнейшыя.

Сваю сілу, спрыт, хуткасць моладзі давялося выяўляць і ў сур’ёзных, і ў жартоўных конкурсах: капаем бульбу, спрытны капітан, бульбяны асілак, бульбяны камбайн, самая высокая піраміда.

Канцэртную праграму для вяскоўцаў падрыхтавалі дзятлаўскія “Прымакі” і артысты з Карэліцкага раёна.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Б. ВАРНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *