На чарговым пасяджэнні праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, якое прайшло ў Гродне 21 верасня, падведзены вынікі выбарчай кампаніі.
Жанчыны Гродзеншчыны прынялі актыўны ўдзел у выбарах у Парламент. У Савет Рэспублікі ўвайшлі тры прадстаўніцы Гродзеншчыны, а дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сталі чатыры прадстаўніцы Гродзенскай вобласці.
Пра асаблівасці гэтай выбарчай кампаніі паведаміла старшыня абласной арганізацыі жанчын Ірына Сцепаненка, а новаабраны дэпутат Тамара Далгашэй падзялілася ўражаннямі, выказала падзяку ўсім, хто падтрымаў яе кандыдатуру. Як медык-кардыёлаг, яна спынілася на праблемах здароўя жыхароў нашага рэгіёна, шляхах іх вырашэння.
Наказы ад жанчын
На пасяджэнні праўлення абласной жаночай арганізацыі былі абмеркаваны і прыняты наказы жанчынам-дэпутатам. Так, паступілі прапановы: аб’явіць Дзень маці – 14 кастрычніка выхадным днём; прадугледзець адзін раз на год грашовую кампенсацыю асобам, якія суправаджаюць дзяцей-інвалідаў на лячэнне, матэрыяльна заахвочваць у працоўных калектывах тых работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця; прадугледзець адказнасць дарослых дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў.
Узнагароды за актыўную работу
Група жанчын адзначана Ганаровымі граматамі абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і падарункамі за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Сярод адзначаных ёсць і дзятлаўчанкі: медсястра-рэгістратар Дзятлаўскай паліклінікі Наталля Лях, якая займалася зборам подпісаў за кандыдата ў дэпутаты Валянціна Міхневіча, і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Алена Жадзейка, якая была старшынёю камісіі выбарчага ўчастка.
Прэзентацыя сайта
Да 25-годдзя Беларускага саюза жанчын, якое будзе адзначацца ў снежні гэтага года, аб’яднанне жанчын Гродзеншчыны атрымала свой сайт. На пасяджэнні праўлення сайт grodnobsz.by прэзентавала старшыня абласной арганізацыі Ірына Сцепаненка. Яна спынілася на раздзелах сайта, дзе асаблівая ўвага будзе надавацца ініцыятывам, праектам раённых пярвічных арганізацый. Напрыканцы прэзентацыі старшыня ўручыла ўзнагароды стваральнікам сайта. Бадай упершыню падарункі ад жаночай арганізацыі атрымалі мужчыны, якія працавалі над сайтам – Андрэй Гецэвіч і Андрэй Урбановіч з Гродзенскага ўніверсітэта.
ПАДВЕДЗЕНЫ ВЫНІКІ КОНКУРСУ
На пасяджэнні праўлення абласной жаночай арганізацыі агучаны вынікі конкурсу на лепшую раённую жаночую арганізацыю і лепшую пярвічку. Сярод пераможцаў – Гродзенская жаночая арганізацыя “Надзея” і Дзятлаўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Сярод пярвічных жаночых арганізацый у перможцах пярвічкі Ваўкавыскага мясакамбіната і Дварэцкага сельвыканкама. Шанаванне пераможцаў адбудзецца на абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая прызначана на 28 кастрычніка.
І. ІВАНАВА